Як паведаміў "Вясне" актывіст Пётр Маркелаў, яго выклікаюць у суд Маскоўскага раёна г. Мінска па інцыдэнту, які адбыўся ў асноўны дзень галасавання  — 17 лістапада. Маркелаў з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка, які балатаваўся ў Палату Прадстаўнікоў па Мінскай-Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99. Маркелава затрымалі міліцыянты на выбарчым участку №286 за тое, што ён патрабаваў у сяброў участковай камісіі пералічыць пададзеныя за Шашка галасы. 

Адміністрацыйны працэс адбудзецца адразу па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэння:

  • арт. 17.1 — дробнае хуліганства;
  • арт. 23.4 — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў.

Судовы разгляд справы прызначаны на панядзелак, 9 снежня, на 10:00. Пры затрыманні на яго быў складзены пратакол толькі па аднаму артыкулу — 17.1 КаАП. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пракаментавала гэты інцыдэнт, што Маркелаў і Шашок патрабавалі немагчымага.

Крыніца: Маркелава будуць судзіць за "выбары" адразу па двух артыкулах