10 жніўня 2017 года
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), атрымала новую інфармацыю і просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.
Абсерваторыя была праінфармаваная надзейнымі крыніцамі аб судовым пераследзе ў дачыненні да некалькіх лідараў Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП). Падчас масавых сацыяльных пратэстаў вясной 2017 году супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 («Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»), якім уводзіцца выплата збору з беспрацоўных і часткова занятых, прафсаюз РЭП аказваў юрыдычную дапамогу і падвергнуў Дэкрэт рэзкай крытыцы, паколькі ён негатыўна адбіваецца на эканамічных і сацыяльных правах грамадзян. Прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 000 подпісаў супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 і актыўна ўдзельнічаў у мірных маршах, якія прайшлі ў некалькіх буйных гарадах Беларусі.
2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП, а таксама ў кватэрах старшыні БНП Мікалая Зіміна, сакратара-скарбніка БНТ Сняжаны Грыневіч, былога рэдактара сайта РЭП Наталлі Пічужкінай, галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка і старшыні РЭП Генадзя Фядыніча.
Апошнія двое былі затрыманыя ў якасці падазраваных ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Генадзь Фядыніч быў вызвалены ў той жа дзень пасля допыту, аднак расследаванне супраць яго працягваецца. На момант публікацыі гэтага звароту Ігар Комлік заставаўся пад вартай у сувязі з абвінавачваннямі па артыкуле 243, частцы 2 Крымінальнага кодэкса - «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Ім абодвум пагражае да сямі гадоў турэмнага зняволення з канфіскацыяй маёмасці.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, прадстаўленай на сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, крымінальная справа супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка ўзбуджана на той падставе, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
Абсерваторыя нагадвае, што Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна", быў абвінавачаны па тым жа артыкуле ў 2011 годзе і пасля быў асуджаны да чатырох гадоў турэмнага зняволення за «ўхіленне ад выплаты падаткаў». У 2013 годзе Працоўная група Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па адвольных затрыманнях прыйшла да высновы аб тым, што яго затрыманне з'яўляецца адвольным, што «збор сродкаў, які ажыццяўляўся спадаром Бяляцкім у мэтах забеспячэння самога існавання "Вясны" і працягу яе дзейнасці, адпавядае [.. .] пункту 1 артыкула 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах» і прыйшоў да высновы, што «крымінальны пераслед у дачыненні да спадара Бяляцкага не ўлічвае вышэйзгаданыя стандарты», і, такім чынам, Беларусь парушыла свае міжнародныя абавязацельствы»[1]. Камітэт ААН па правах чалавека пасля пацвердзіў факт адвольнага затрымання Алеся Бяляцкага на тых жа падставах [2].
Абсерваторыя хацела б нагадаць, што беларускае заканадаўства неапраўдана абмяжоўвае права на свабоду асацыяцыі. У сувязі з гэтым, улады адвольна адмаўляюцца рэгістраваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва тыя, якія крытыкуюць урад. Акрамя таго, грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці незарэгістраваных асацыяцый, знаходзяцца пад пагрозай крымінальнага пераследу. Акрамя таго, зарэгістраваныя арганізацыі абавязаны рэгістраваць усе замежныя ахвяраванні ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Міжнародная арганізацыя працы (МАП) [3] раней заклікала беларускія ўлады перагледзець Дэкрэт Прэзідэнта № 24 "Аб выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі", паколькі ён забараняе выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі, у прыватнасці, для правядзення публічных сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетаў, забастовак і арганізацыі семінараў і іншых формаў публічных мерапрыемстваў [4]. Гэтая рэкамендацыя так і не была выканана Беларуссю.
Абсерваторыя асцерагаецца, што лідэры прафсаюза РЭП і БНП падвяргаюцца рэпрэсіям за сваю праваабарончую дзейнасць і патрабуюць неадкладнага вызвалення спадара Комліка, а таксама спынення судовага пераследу ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП і БНП, у прыватнасці Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча, паколькі, відавочна, ён накіраваны толькі на тое, каб перашкаджаць іх мірнай і законнай дзейнасці ў галіне правоў чалавека.
Патрабаваныя дзеянні:
Калі ласка, напішыце ў органы ўлады Беларусі, заклікаючы іх:
- Неадкладна і безумоўна вызваліць Ігара Комліка;
- Зняць усе абвінавачванні супраць Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча;
- Пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
- Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча;
- Выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы ў частцы гарантый ажыццяўлення права грамадзян на свабоду асацыяцыі, як гэта ўстаноўлена ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці яго артыкуле 22, і артыкуле 3 Канвенцыі МАП № 87 «Аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю»;
- Выконваць палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб праваабаронцах, у прыватнасці яе артыкулы 1, 2, 5 і 12.2;
- Забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю;
- Спыніць любыя акты ціску на незалежны прафсаюзны рух і адмовіцца ад незаконнага ўмяшання ў дзейнасць прафсаюзаў.
Адрасы:
- Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, факс: + 375 172 26 06 10 ці +375 172 22 38 72, email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
- Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк, факс: + 375 17 226 42 52
- Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Алег Сліжэўскі, email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., факс: + 375 17 200 86 87
- Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Леанід Анфімаў, email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
- Юрый Амбразевіч, Сталае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН у Жэневе, Швейцарыя, факс: +41 22 748 24 51. Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
- Аляксандр Міхневіч, Пасол Рэспублікі Беларусь у Брюсселле, Бельгія, факс: + 32 2.340.02.87, email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Заўвагі:
[1] Гл. Рашэнне РГПЗ ААН ад 31 жніўня 2012 г.: https://documents-dds-ny.un.org/doc/UNDOC/GEN/G12/183/16/PDF/G1218316.pdf?OpenElement
[2] Гл. Меркаванні КПЧ ААН CCPR / C / 112 / D / 2165/2012 ад 24 кастрычніка 2014 г.: http://tbinternet.ohchr.org/_layouts/treatybodyexternal/Download.aspx?symbolno=CCPR/C/112/D/2165/2012&Lang=en
[3] МАП з'яўляецца органам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў урадаў, працадаўцаў і работнікаў, ўсталёўвае працоўныя нормы, распрацоўвае палітыку і праграмы, накіраваныя на забеспячэнне дастойных умоў працы для ўсіх жанчын і мужчын.
[4] Гл. Меркаванне Міжнароднай канферэнцыі працы (МКП), прынятае ў 2014 г., апублікаванае на 104-й сесіі МКТ (2015): Канвенцыя «Свабода асацыяцыі і абарона права на арганізацыю", 1948 г. (№ 87) - Беларусь , http://www.ilo.org/dyn/normlex/en/f?p=NORMLEXPUB:13100:0::NO::P13100_COMMENT_ID:3186994
Крыніца: Абсерваторыя заклікае спыніць пераслед прафсаюзных лідараў