Павел Севярынец накіраваў заявы ў пракуратуру і Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска аб распаўсюдзе звестак, якія складаюць асабістую таямніцу, у праграме Белтэлерадыёкампаніі “Званок сябру”.
У іх палітык адзначыў, што 12 сакавіка 2017 года тэлепраграме былі распаўсюджаныя звесткі аб яго тэлефоннай размове са Зміцерам Дашкевічам. Белтэлерадыякампаніяй не былі арганізаваныя меры супраць магчымай ідэнтыфікацыі Паўла Севярынца староннімі асобамі, а наадварот, у эфіры было размешчана фота с подпісам “П.Севярынец”.
Палітык лічыць, што дзеянні БТ з’яўляюцца незаконнымі і парушаюць не толькі арт. 37 і 40 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, але і арт. 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе адзначаецца права кожнага на абарону ад супрацьпраўнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, у тым ліку ад умяшальніцтва ў таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных альбо іншых паведамленняў, на ягоную годнасць і гонар.
“Таксама, дзеянні Белтэлерадыёкампаніі парушаюць артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім ніхто не можа падвяргацца адвольнаму альбо супрацьпраўнаму ўмяшальніцтву ў асабістае альбо сямейнае жыццё, адвольным альбо супрацьпраўным замахам на недатыкальнасць ягонага жылля альбо таямніцы ягонай карэспандэнцыі альбо супрацьпраўным замахам на ягоны гонар і рэпутацыю”, - падкрэслівае Павел Севярынец.
Ён просіць пракуратуру і следчы камітэт правесці праверку, устанавіць ўстанавіць асобаў, па віне якіх парушана яго канстытуцыйнае права на таямніцу асабістага жыцця, пры наяўнасці ў дзеяннях службовых асоб Белтэлерадыякампаніі, адказных за выпуск праграмы “Званок сябру”, прыкмет складу злачынства, узбудзіць крымінальную справу.
Крыніца: Севярынец напісаў заяву на БТ за распаўсюд асабістых звестак