Збіты ў траўні супрацоўнікамі міліцыі жыхар Фаніпаля Сяргей Ткачэнка паскардзіўся ў МУС на пазапрацэсуальныя зносіны і псіхалагічны ціск, які ўчынілі ў дачыненні да яго і ягонай жонкі міліцыянты.
Нагадаем, 3 ліпеня да Сяргея Ткачэнкі і ягонай жонкі Веранікі па месцы іх працы, з інтэрвалам у адну гадзіну на аўтамабілі “Лада-Каліна” завіталі два супрацоўнікі УУС Мінаблвыканкама, апранутыя ў цывільную форму адзення. Настойліва запрасілі сесці ў аўтамабіль і пачалі распытваць.
Аднак пытанні тычыліся не столькі скаргі з нагоды жорсткага і бесчалавечнага абыходжання да С. Ткачэнка з боку супрацоўнікаў Фаніпальскага аддзялення міліцыі; па вялікім рахунку супрацоўнікаў міліцыі больш цікавілі сувязі Веранікі Ткачэнка з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", а менавіта: ці сустракалася яна з кім-небудзь з гэтай арганізацыі, ці ведае яна іх у твар, хто з названых асоб аказваў дапамогу ў складанні скаргі на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, хто параіў звярнуцца па дапамогу ў ПЦ "Вясна". Таксама супрацоўнікаў цікавіла інтэрв'ю С. Ткачэнка тэлеканалу «Белсат» ад 28 чэрвеня 2017 года. Усю размову з мужам і жонкай аператыўнікі запісвалі на відэакамеру. Затым у Сяргея Ткачэнкі запыталіся, ці гатовы ён пайсці на прымірэнне з крыўдзіцелямі.
Такую форму “апытання” жыхар Фаніпаля палічыў псіхалагічным ціскам і падаў скаргу на імя пракурора Дзяржынскага раёна. Сяргей Ткачэнка прасіў прыняць меры пракурорскага рэагавання, устанавіць асобы дадзеных супрацоўнікаў і прыцягнуць іх да адказнасці за ціск на сям'ю у рамках пазапрацэсуальных зносінаў.
Аднак Пракуратура Дзяржынскага района перанакіравала ягоную скаргу непасрэдна ў Дзяржынскі РАУС. Начальнік раённай міліцыі ў сваю чаргу адправіў скаргу для прыняцця рашэння ў упраўленне унутраных спраў Мінскага аблвыканкама.
Але праверка па скарзе, на думку Ткачэнкі, была праведзена фармальна і павярхоўна, дзеля галачкі.
“Довады аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў УУС Мінскага аблвыканкама і аказання на нас псіхалагічнага ціску аб'ектыўнага пацверджання не знайшлі. У дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлена” – так сфармулявана галоўная выснова праведзенай праверкі.
Па сутнасці, у ходзе праверкі былі праігнараваныя практычна ўсе пытанні, з якімі звярталіся муж і жонка Ткачэнкі. А менавіта:
у адказе УУС Мінаблвыканкама ад 3 жніўня 2017 года не паведамляюцца прозвішчы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ўчынілі неправамерныя дзеянні; не паведамляецца, з якой наогул мэтай дадзеныя супрацоўнікі прыязджалі і апытвалі Вераніку Ткачэнка, якая не мае ніякага дачынення да прычынення Сяргею цялесных пашкоджанняў; не патлумачана, па якой прычыне вялася відэаздымка, з якою мэтай у Ткачэнкі цікавіліся тэлеканалам “Белсат” і Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Не ўстаноўлена таксама, навошта супрацоўнікі міліцыі прасілі ў СяргеяТкачэнкі прымірэння.
Незадаволеныя фармальнай адпіскай з УУС Мінаблвыканкама Сяргей і Вераніка Ткачэнкі просяць кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў правесці ўсебаковую аб'ектыўную і поўную праверку выкладзеных у скарзе довадаў і прыцягнуць вінаватых асоб да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці.
Крыніца: Ці адкажа МУС на пытанні збітага супрацоўнікамі міліцыі жыхара Фаніпаля?