Аб’яднаны агітацыйны пікет, які правялі 15 лістапада ў Гомелі ініцыятыўныя групы многіх апазіцыйных кандыдатаў ў дэпутаты, не абыйшоўся без інцыдэнтаў. Калі пад вечар сталі збірацца людзі на пляцоўцы каля «Еўраопту», што па вуліцы Хатаевіча, на вуліцы раптам знікла электрычнае асвятленне.
Нехта паведаміў, што кандыдата-фермера Юрыя Ганцэвіча спынілі па дарозе на пікет супрацўнікі ДАІ.
Кандыдат у дэпутаты па 36-й выбарчай акрузе Алена Давыдава паведаміла, што падчас пікету затрыманыя яе давераныя асобы Аляксей Елісееў і Юрый Уласаў па прычыне непадпарадкавання патрабаванням супрацоўнікам міліцыі.
“Трымаюць ужо 3 гадзіны. Калі я патрабавала патлумачыць на якой падставе, паведамілі, што дагэтуль высвятляюць", - распавяла кандыдатка.
Пазней Радыё Свабода паведаміла, што іх адвезлі ў гарадзкі шпіталь № 4. Іх лёс пакуль невядомы.
Сітуацыя ўдакладняецца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Аб’яднаны выбарчы пікет у Гомелі завяршыўся затрыманнямі і збіццём