Праваабаронца Сяргей Усцінаў накіраваў Міністру ўнутраных спраў Беларусі скаргу на адказ на калектыўны зварот, які сабраў 364 подпісы. Пра гэта паведамляе сайт "Супраць катаваньняў".
Нагадаем, у адказе на калектыўны зварот па ўмовах утрымання адміністрацыйна арыштаваных С.А.Аляшкевич, які часова выконвае абавязкі начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, указаў, што «асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл, па нормах, што вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь».
«Усім вядома, што пры выхадзе з ІЧУ ці ЦІП выдаецца кошт на пакрыццё расходаў на харчаванне адміністрацыйна арыштаванага, і яго трэба аплаціць. А значыць, інфармацыя аб бясплатным харчаванні носіць няпэўны характар. Лічу, што падрыхтоўка адказу на зварот грамадзян, які змяшчае недакладныя звесткі, сведчыць пра недахоп прафесіяналізму, нядобрасумленным выкананні супрацоўнікам сваіх абавязкаў і ставіць пад сумнеў аўтарытэт органаў унутраных справаў», - паведаміў Сяргей Усцінаў.
Праваабаронца просіць Ігара Шуневіча даць прававую ацэнку дзеянням С.А.Аляшкевича і ў выпадку ўстанаўлення факта нядобрасумленнага выканання абавязкаў прыцягнуць яго да ўстаноўленай законам адказнасці.
Крыніца: Што адкажуць праваабаронцу наконт бясплатнага харчавання ў ІЧУ?