Былы палітвязень Дзмітрый Паліенка пракаментаваў для сайта palitviazni.info той факт, што пракуратура вырашыла абскардзіць прысуд па яго справе.
“Днямі мне стала вядома, што пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, – кажа Дзмітрый Паліенка. – У апеляцыйным пратэсце гаворыцца, што прысуд у дачыненні да мяне “з’яўляецца незаконным і павінен быць зменены ў сувязі з несуадноснасцю прызначанага судом пакарання цяжкасці злачынства”. Маўляў, рашэнне вынеслі вельмі мяккае, пракурор ізноў патрабуе 6 гадоў зняволення”.
Практычна ў гэты ж час абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда і сам былы палітвязень.
“Я таксама падаў апеляцыю у вышэйшую інстанцыю, бо не лічу прысуд законным, – адзначае Дзмітрый Паліенка. – Што датычыцца пракурорскай апеляцыі, то гляджу на гэтую сітуацыю досыць аптымістычна.
Юрысты кажуць, што для пракуратуры такое абскарджванне – звычайная фармальная справа, бо напачатку ж пракурор прасіў для мяне 6 гадоў зняволення, а суд вынес куды больш мяккае рашэнне. Мяркую, калі б хацелі мне вынесці жорсткі прысуд, то гэта было б зроблена яшчэ раней”.
Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"
Крыніца: Дзмітрый Паліенка: Я таксама абскардзіў рашэнне Мінгарсуда