Таджыцкі апазіцыйны актывіст Фарход Адзінаеў. Фота з сайта Радыё Свабода Генеральная пракуратура Беларусі 5 лістапада вынесла афіцыйнае рашэнне аб адмове ў выдачы ўладам Таджыкістана апазіцыянера Фархода Адзінаева. Пра гэта Naviny.by паведаміла юрыстка праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка.

Неабходныя дакументы накіраваныя ў Гродна, у СІЗА, дзе знаходзіцца Адзінаеў. Наста Лойка адзначыла гэта, як пазітыўнае рашэнне. Паводле яе слоў, відавочна, што Адзінаева пераследуюць беспадстаўна і пры вяртанні ў Таджыкістан яму пагражаюць катаванні.

«Мы чакаем 6 лістапада, калі стане ясна, вызваляюць яго з СІЗА ці не, і тады ён зможа з'ехаць куды заўгодна, у яго ёсць шэнгенская віза. Альбо яго перадаюць міграцыйнай службе, адкуль яго вяртаюць у Расійскую Федэрацыю, таму што ён выехаў адтуль. І там ёсць рызыка, што яго пазбавяць расійскага грамадзянства і адправяць у Таджыкістан. Самая бяспечная сітуацыя для яго - каб яго вызвалілі і ён выехаў самастойна», – адзначыла юрыстка.

Нагадаем, Фарход Одинаев быў затрыманы беларускімі памежнікамі 25 верасня ў пункце пропуску "Каменны Лог" на беларуска-літоўскай мяжы па запыце ўладаў Таджыкістана. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, і ён знаходзіцца ў базе міждзяржаўнага вышуку па СНД.

Крыніца: Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаць таджыкскага апазіцыянера Одинаева