5 жніўня на канцэрце “Крамбамбулі” двое хлопцаў разгранулі бела-чырвона-белы сцяг.
Пасля канцэрту сябры хлопцаў паведамілі праваабаронцу Валянціну Стэфановічу, што Іван Лісавец і Зміцер Навуменка не вярнуліся дадому. Праваабаронца даведаўся, што хлопцаў затрымала міліцыя і ноч яны правялі ў РУУС Заводскага раёна г. Мінска. На іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП – “Дробнае хуліганства”. Сёння іх этапавалі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а 7 жніўня адміністрацыйныя справы супраць хлопцаў разгледзіць суд Заводскага раёна г. Мінска.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае:
“Нажаль, гэта штодзённая абыдзеннасць у Беларусі: людзі пайшлі на канцэрт, узнялі гістарычны сцяг і апынуліся ў пастарунку. Хутчэй за ўсё, у пратаколах будзе пазначана, што яны лаяліся, махалі рукамі, на патрабаванні міліцыянераў не звярталі ўвагі.
На мове праваабаронцаў гэтая сітуацыя гучыць, як “сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў краіне”.
Крыніца: Аматараў "Крамбамбулі" знайшлі ў пастарунку, іх чакае суд