Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч. Фота Радыё Свабода. 4 жніўня ў 10.00 суд Ленінскага раёна г. Мінска разглядзеў адміністрацыйную справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторы удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на працягу года) ў дачыненні да Марыны Адамовіч, жонкі былога палітвязня Мікалая Статкевіча.

На пачатку працэса жанчына заявіла хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове, аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб адмене разбіральніцтва на той падставе, што ёй было даслана два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні з рознымі тэкстамі.

Суддзя Дзмітрый Астапенка не задаволіў хадайніцтва аб вядзенні працэса на беларускай мове, акрамя таго з залі былі выдалены два чалавекі, якія заявілі, што не разумеюць рускай мовы.

Сведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі АМАПу, якія ў сваіх сведчаннях супярэчылі адзін аднаму. Казалі, што бачылі Марыну Адамовіч з парасонам, што яна крычала “Жыве Беларусь”, “Баста!”, аднак адзін сведка казаў, што надвор’е было даждлівае, а другі – што было сонечна, таму жанчына была з парасонам.

Марына Адамовіч заявіла суду, што відавочна ні адзін са сведкаў на месцы не быў, а азнаёміўся з двума фотаздымкамі з матэрыялаў справы і на іх падставе даюць паказанні. У сувязі з гэтым справа не можа быць разгледжана судом.

Аднак суд не ўлічыў довадаў абвінавачанай і асудзіў яе да штрафу ў 40 базавых велічынь.

Сёння ж павінны былі судзіць і Мікалая Статкевіча па аналагічным артыкуле, аднак у суд ён не з’явіўся і разгляд справы перанеслі на 9 жніўня.

Крыніца: Суды за 3 ліпеня: Марыне Адамовіч штраф, разгляд па справе Статкевічу перанесены