Пад час імпрэвізаванай прэс-канферэнцыі, якую 3 ліпеня правялі старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, было заяўлена, што апошнія падзеі вакол прафсаюзу РЭП – не звычайная праца падаткавых органаў, а спланаваная акцыя супраць незалежных прафсаюзаў, якая мае палітычны кантэкст. Генадзь Фядыніч распавёў журналістам, як разгортваліся ўчорашнія падзеі, звязаныя з ягоным затрыманнем, ператрусам і допытам.
“У 9 раніцы проста ў ліфце пераапранутыя ў сантэхнікаў хлапцы апранулі на рукі браслеты, прадставіліся і сказалі, што ёсць рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы і ў мяне будзе ператрус. Ператрус праводзіўся з 9 да 15 гадзін. Забралі кампутары, нейкія неістотныя паперы. Потым паведамілі, што апісаная мая машына “Таёта”, кватэра, тэлевізар і стары музычны цэнтр. Больш у мяне апісваць нічога не было. Я даведаўся, што справа ўзбуджаная па артыкуле 243, маўляў, я не заплаціў нейкія падаткі ў 2011 годзе. Шчыра скажу, што падаткі са сваіх заробкаў я рэгулярна плачу і ніякіх грошай я не меў і не маю”.
Кіраўнік прафсаюза РЭП падцвердзіў, што знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты сум падаткаў і даў падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Наконт Ігара Комліка Фядыніч паведаміў, што той зараз знаходзіцца на Акрэсціна, прычым мае скаргі на стан здароўя і ў яго можа быць праблема з лекамі. Зараз рэпаўцы гэтым займаюцца, перадалі ў ІЧУ медычны эпікрыз.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Генадзь Фядыніч выказаў сваё меркаванне аб прычынах пераследу арганізацыі, падкрэсліўшы істотнасць пазіцыі РЭП як унутры краіны, там і па за яе межамі:
“Наш прафсаюз з’яўляецца сябрам міжнароднай арганізацыі “Індустрыял”, а таксама сябруе не толькі з расійскімі і ўкраінскімі арганізацыямі, але з усім светам, і гэта добра вядома. Мы праводзілі і будзем праводзіць міжнародныя сустрэчы, адукацыйныя семінары, бо без гэтага прафсаюзы працаваць не могуць. Увогуле усе гэтыя падзеі – як нейкі выбух, у мяне 31 ліпеня быў дзень народзінаў, 60 год. Наколькі я ведаю, гэтыя ўсе справы хацелі зрабіць яшчэ 31-га, але на офісе сабралася шмат людзей, чалавек трыццаць, і яны не рызыкнулі.
У прафсаюза РЭП ёсць цвёрдая пазіцыя па абароне сацыяльна-эканамічных правоў, яна даўно вядомая і ў любым выпадку мяняцца ня будзе, нягледзячы на тое, што зрабілі ўчора, каб паставіць нас у адзін ланцуг з іншымі і прымусіць працаваць, як скажуць вышэй. Сёння РЭП – адна з нямногіх грамадскіх арганізацый, якая актыўна абараняе інтарэсы працоўных і беспрацоўных людзей. Да восені рукой падаць, а эканамічны стан у рэспубліцы не адпавядае таму, як давалася ў загадзе, якім яму павінна быць, у тым ліку і пра 500 даляраў заробку. Безумоўна гэта звязана і з пратэстамі супраць Дэкрэту №3. Нашы людзі, рэпаўцы, 39 чалавек, адседзелі ўсе разам 170 сутак і заплацілі штрафаў 4200 еўра”.
На пытанне журналістаў наконт зліву фінансавай інфармацыі і “літоўскага следу” ў крымінальнай справе, Генадзь Фядыніч адказаў, што такіх даведак яму пад час допыту не прадстаўлялі і звестак пра гэта ён не мае.
Наконт міжнароднай рэакцыі на апошнія падзеі вакол прафсаюза РЭП Фядыніч паведаміў: “Безумоўна, мы звярнуліся ў міжнародную арганізацыю “Індустрыял”, якая знаходзіцца ў Жэневе і аб’ядноўвае ва ўсім свеце 52 мільёны рабочых. Чакаем што будзе адэкватная рэакцыя.”
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, які зазнаў пераслед па гэтым жа крымінальным артыкуле, бачыць у падзеях палітычную падаплёку:
“Беларускія ўлады прынялі шэраг законаў, якія абмяжоўваюць працу няўрадавых арганізацый, у тым ліку і прафсаюзных, спрабуюць паставіць іх пад кантроль. Яны істотна абмяжоўваюць нашу дзейнасць. “Вясна” – дагэтуль незарэгістраваная і мы фактычна працуем, як арганізацыя, якая ў любы момант можа патрапіць пад рэпрэсіі згодна з артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэксу. І пытанне фінансавання такіх арганізацый як Вясна”, і пытанне нашага выжывання, застаюцца актуальнымі. А на сённяшні дзень любая падтрымка, якая дазволеная і няўрадавым арганізацыям, і прафсаюзам, па міжнародных пагадненнях, якія ў тым ліку падпісала і Беларусь, абмяжоўваецца ўнутраным заканадаўствам. Гэта стварае вялікія праблемы для працы. Такім чынам улады маюць механізм адвольных рэпрэсій супраць няўрадавых арганізацый і, як зараз аказалася, супраць незалежных прафсаюзаў”.
Наконт падабенства, якое праглядаецца ў крымінальным пераследзе самога Алеся Бяляцкага і актывістаў прафсаюза РЭП праваабаронца зазначыў:
"Крымінальныя артыкулы гэтыя нейкім чынам карэлююцца, 6 гадоў таму, 4 жніўня арыштавалі мяне, а 2 жніўня усё тое ж паўтарылася з прафсаюзам РЭП. Гэта толькі сведчыць пра тое, што механізмы ўціску на незалежныя арганізацыі нязменныя. Відавочна, што гэтая справа мае палітычны кантэкст. Гэта не праца падаткавых органаў, гэта спланаваная акцыя супраць незалежных прафсаюзаў, тым больш што ператрусы адбыліся не толькі ў арганізацыі РЭП, а і ў іншых прафсаюзных арганізацыях. Мы бачым, што нанесены папераджальны ўдар з улікам агульнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.
Беларускія праваабаронцы моцна заклапочаныя гэтым. Мы бачым, што абяцанкі ўладаў аб паляпшэнні клімату ўсярэдзіне краіны, аб паляпшэнні стасункаў з міжнароднай супольнасцю, проста застаюцца абяцанкамі, а рэальныя дзеянні паўтараюцца час ад часу і скіраваныя на разгром апанентаў, на разгром дэмакратычнай грамадства ў Беларусі".