Палітвязню Вячаславу Касінераву сёння зменена мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. Такое рашэнне прыняў суддзя Маскоўскага суду Мінска Аляксандр Петраш. Праваабаронцам пра рашэнне суда паведаміла дзяўчына Касінерава Марына Насенка.
Да гэтага дня Вячаслаў Касінераў утрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 ГУУС Мінгарвыканкама, паколькі 6 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска, разгледзеўшы ў закрытым рэжыме скаргу актывіста на прызначаную меру стрымання, адмовіўся яго вызваліць пад падпіску аб нявыездзе.
Праз некалькі дзён, 27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, якога пераследуюць за перфоманс са статуяй паліцэйскага-гарадавога каля будынка МУС.
5 красавіка праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай аб прызнанні Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.
Нагадаем, Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
Крыніца: Вячаслава Касінерава вызваляюць з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе