17-га кастрычніка акруговыя выбарчыя камісіі Гародні сабраліся на пасяджэнні з мэтай рэгістрацыі, ці адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. На АВК № 51, дзе прысутнічаў назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, з шасці прэтэндэнтаў зарэгістраваныя ўсе шэсць. Хоць былі выяўленыя камісіяй пэўныя неадпаведнасці ў паперах некаторых прэтэндэнтаў. Гэта і неадпавядаючыя патрабаванням подпісы ў падпісных лістах (але ўсяго 9 такіх подпісаў), і пэўныя недарэчнасці ў дэкларацыі. Але ўсе гэтыя памылкі былі прызнаныя нязначнымі.
Сярод зарэгістраваных па АВК № 51 два прадстаўнікі палітычных партый: кіраўнік гарадзенскай палітычнай партыі БНФ Вадзім Саранчукоў і прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Мікалута. Ад працоўнага калектыву зарэгістраваны Вячаслаў Андрэеўскі, дырэктар Гарадзенскага завода па ўтылізацыі і механічнай сартыроўцы адкідаў. Зборам подпісаў зарэгістраваныя Алена Шаламіцкая і Уладзімір Арцыман. Дзеючы дэпутат, якая вылучалася і зборам подпісаў, і ад працоўнага калектыву, Лілія Кір’як таксама зарэгістраваная.
Камісія вельмі добразычліва і лаяльна ставілася як да прэтэндэнтаў у кандыдаты, так і да прысутных прадстаўнікоў тых прэтэндэнтаў, прэсы і незалежных назіральнікаў (хоць да праверкі подпісаў назіральнікі не былі дапушчаныя).
Як паведаміў незалежны назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель, па акрузе №49 з шасці прэтэндэнтаў толькі адна Аксана Корзун, галоўны лекар гарадской стаматалагічнай паліклінікі, забрала дакументы і адмовілася ад намеру вылучацца ў дэпутаты.
Іншых пяць чалавек акруговая камісія зарэгістравала. Па гэтай акрузе будуць балатавацца Анатоль Мальцаў (ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі), Артур Рымша (вылучаны зборам подпісаў), Ірына Луканская (вылучэнка ўлады, галоўная лекарка дзіцячай паліклінікі №1), Ларыса Жыгар (ад БСДП Грамада, актывістка “Руху Маці 328”) і Жанна Гасцяева (ад Беларускай партыі “Зялёныя”).
Як паведаміў незалежны назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэй Коця, па акрузе №52 вылучаліся тры партыйныя кандыдаты: Алена Антонава (ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі), Аляксандр Радзівонаў (ад КПБ) і Ігар Тупіца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. У выніку камісія не зарэгістравала Ігара Тупіцу, выказаўшы прэтэнзіі да недакладнага запаўнення ім дэклярацыі.
Акрамя гэтага былі зарэгістраваныя два кандыдаты, якія вылучаліся ад працоўных калектываў – Алег Дабравольскі (дырэктар “Горсвету”) і Тамара Далгашэй (цяперашняя дэпутатка парламенту). Па гэтай акрузе яшчэ зарэгістраваныя два кандыдаты шляхам збору подпісаў – Руслан Красічкаў і Мікалай Дырында.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Нечакана дабразычліва і лаяльна. У Гародні прайшла рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты