“Баранавіцкі актывіст “Руху за Свабоду” Юры Казакевіч 1 жніўня звярнуўся ў КПЧ са скаргай-паведамленнем на незаконныя дзеянні Свіслачскай міліцыі. Яе супрацоўнікі прыцягнулі актывіста да адміністратыўнай адказнасці па ч.1 арт. 23.34 КаАП за тое, што ён, разам са сваімі сябрамі 30 кастрычніка 2016 года на тэрыторыі горада Свіслач і ў вёсцы Якушоўка Свіслачскага раёна ўдзельнічаў у акцыі памяці паўстанцаў 1863 года”, - расказаў “Брэсцкай вясне” праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша.
Актывіст Юры Казакевіч звярнуўся па дапамогу ў Баранавіцкае аддзяленне Праваабарончага Цэнтра “Вясна”, дзе Сяргей Гоўша і праваабаронца Аляксандар Вайцешык аказалі неабходную прававую дапамогу.
Юрый Казакевіч у міліцыі і ў судзе даказваў, што ўскладанне кветак да помнікаў не падпадае пад Закон “Аб масавых мерапрыемствах...” і супярэчыць міжнароднаму праву, таму не падавалі заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства.
У сваёй скарзе апліканты падкрэслівалі, што міліцыя не адразу адрэагавала на іх дзеянні. Мінуў час і ў міліцыі на іх быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Зварот у Гарадзенскі абласны суд, а таксама да старшыні таго ж абласнога суда быў безвыніковы. Пастанова была “пакінута без зменаў, а скарга без задавальнення”.
Нязгодны з пастановамі судоў першай і другой інстанцыі актывіст звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Актывіст перакананы, што мае рацыю, і верыць у перамогу.
Баранавіцкія праваабаронцы абяцаюць і надалей аказваць яму неабходную дапамогу.
Крыніца: Баранавіцкі актывіст звярнуўся ў КПЧ