17 кастрычніка па ўсёй краіне завяршаецца працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. Хоць выніковыя пратаколы будуць апублікаваныя заўтра, 18 кастрычніка, ужо цяпер вядома пра некаторых вылучэнцаў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі. Чаму ж так адбылося? Незвычайнае рашэнне прыняла акруговая выбарчая камісія ў Драгічыне - кандыдатам не зарэгістраваны генерал-памежнік Васіль Гядзько

gedko.jpg
Васіль Гядзько. Фота "Першы рэгіён"

Як стала вядома "Першаму Рэгіёну", 16 кастрычніка камісія Днепра-Бугскай выбарчай акругі № 10 зарэгістравала ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, акрамя генерала-памежніка Васіля Гядзько.

Падставамі паслужылі два папярэджанні, вынесеныя ягонай ініцыятыўнай групе - адно 27 верасня, а другое - 2 кастрычніка. Характэрна, што падчас збору подпісаў адзін праўладны сайт распаўсюджваў негатыўную інфармацыю пра генерала. Таксама, па словах ужо былога вылучэнца, яшчэ да выбараў да яго прыязджалі "два чалавекі з Драгічына", якія прапаноўвалі яму не балатавацца.

У Салігорску не зарэгістравалі вылучэнца ад Рэспубліканскай партыі (якая з нядаўніх часоў называе сябе цэнтрысцкай) Аляксея Біянава. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала тое, што вылучэнец не ўнёс у дэкларацыю звесткі пра аўтамабіль «Масквіч» 1971 гады, які Аляксей набыў у 2013 годзе і прадаў прыкладна праз год. Біянаў адзначае, што ў 2018 годзе, калі балатаваўся на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, ён таксама не ўносіў аўто ў дэкларацыю, аднак яго без праблем зарэгістравалі. 

Аляксей Біянаў. Фота з Facebook
Аляксей Біянаў. Фота з Facebook

Адмову ў рэгістрацыі атрымаў вылучэнец ад АГП па Полацкай-сельскай выбарчай акрузе №28 Генадзь Трубач. Прычына - недакладныя дадзеныя ў дэкларацыі аб даходах.

Таксама адмоўлена ў рэгістрацыі сябру «Гавары праўду» з Полацка Іллю Барысаву.

У Барысаўскай акрузе №62 адмоўлена ў рэгістрацыі двум кандыдатам: Аляксандру Абрамовічу (БСДП(Г)) і Наталлі Кушняровай (БСДГ). Абрамовічу адмовілі з-за таго, што не пазначыў у дэкларацыі той факт, што ён з'яўляецца ўладальнікам акцый ТАА «Брэстгазапарат». 

Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info
Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info

Наталля Кушнярова, у сваю чаргу, дапусціла дзве памылкі. Па-першае, яна (мабыць) памылкова замест сумы гадавога даходу за 2018 год указала свой даход за месяц (неадпаведнасць склала 91,7%). Па-другое, яна не згадала, што валодае 50%-ай доляй статутнага фонду «Нівелір».

Як паведамляе «Наша Ніва», дзеючая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, кіраўніца Таварыства беларускай мовы Алена Анісім не прайшла рэгістрацыю па Стаўбцоўскай акрузе №70. Пра гэта паведамілі ў акружной выбарчай камісіі. Фермеру Юрыю Іваноўскаму, які таксама вылучаўся па гэтай акрузе праз збор подпісаў, таксама адмоўлена ў рэгістрацыі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Таксама паведамляецца, што не зарэгістравана Ганна Канапацкая.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Не толькі Анісім і Канапацкай. Каму і чаму адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі?