Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі у склад участковых выбарчых камісій вылучана 67669 прадстаўнікоў.
Большасць з іх – 37 016 – вылучана партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі. Прычым, не абыйшлося без цікавостак. Так, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці вылучыла найбольшую колькасць сваіх прадстаўнікоў, хаця ад партыі прэтэндуюць на атрыманне кандыдацкага пасведчання толькі 50 вылучэнцаў. Яшчэ 10 вылучаліся шляхам збору подпісаў.
У лідэрах таксама Камуністычная партыя Беларусі (922 вылучэнцы), Беларуская сацыяльна спартыўная партыя 649), Беларуская аграрная партыя (617) і Рэспубліканская партыя Народнай Згоды (344). Прычым, звесткі аб вылучэнні ў кандыдаты ад трох апошніх партый па стане на 1 кастрычніка адсутнічалі.
Што тычыцца апазіцыйных партый, найбольшую колькасць у склад УВК вылучылі Партыя БНФ (201) і Аб’яднаная грамадзянская партыя (174).
Прычым, паводле інфармацыі па ўключэнні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў АГП па стане на 1 кастрычніка, шанцаў на ўключэнне прадстаўнікоў АГП у склад УВК небагата.
Так, па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33 (ад АГП ідзе кандыдатам Уладзімір Няпомняшчы), АГП падала ва ўчастковыя камісіі 22 прадстаўнікі, уключана 0;
па Гомельскай-Сельмашаўскай № 32 (ад АГП ідзе кандыдатам Уладзімір Кацора) АГП падала 13 прадстаўнікоў, уключана 0;
па Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78 (ад АГП ідзе кандыдатам Аляксандр Камар) АГП падала 24 прадстаўнікі, уключана 0;
па Смаргонскай выбарчай акрузе № 59 (ад АГП ідзе кандыдатам Іван Крук) АГП вылучыла 13, уключана 0;
па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85 (ад АГП ідзе кандыдатам Таццяна Сівачэнка) АГП вылучыла 21, уключана 0.
Назіральнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якія прысутнічалі падчас фармавання выбарчых камісій у Гародні паведамляюць, што ў адміністрацыях Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада было сфармавана 137 выбарчых камісій. Сябры апазіцыйных партый, якія вылучаліся ў УВК, уключаны не былі.
Назіральнік Віктар Сазонаў паведамляе, што ўсе вылучэнцы ад Партыі БНФ у склад камісій не прайшлі. Як сцвярджала камісія, пратаколы былі аформлены з памылкамі. Менавіта ўказвалася на тое, што не было ўказана належным чынам акруговая камісія, а былі ўказаныя толькі ўчасткі. Па 51 участку, дзе ідзе Вадзім Саранчукоў, адміністрацыяй Ленінскага раёна разглядаліся пратаколы ад БНФ, менавіта ў гэтай 51-й акрузе, было пададзена 21 заяўка ад Партыі БНФ і ўсе яны былі адкінутыя.
Грамадскія аб’яднанні вылучылі ў склад УВК 32637 прадстаўнікоў. Традыцыйна, найбольшую актыўнасць праявілі дзяржаўныя прафсаюзы (9190), аб’яднанне “Белая Русь” (4611) і БРСМ (4483).
Шляхам падачы заяў грамадзян у склад участковых камісі вылучана 23 189 прадстаўнікоў.
Працэс утварэння ўчастковых выбарчых камісій павінен завяршыцца 2 кастрычніка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій: чаканні і рэальнасць