Крысціян Шынкевіч. Фота "Радыё Свабода" 27 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга адлічанага студэнта БДПУ Крысціяна Шынкевіча на рашэнне суду Маскоўскага раёну, які прызнаў адлічэнне студэнта поўнасцю законным. Мінгарсуд таксама не ўбачыў парушэнняў у дзеяннях адміністрацыі БДПУ і пакінуў рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі без зменаў. 

Крысціян Шынкевіч і яго адвакат лічаць, што парушэнні відавочныя, і збіраюцца далей абскарджваць рашэнне суду.

Нагадаем, што Крысціян Шынкевіч быў брутальна затрыманы на Дзень Волі на офісе ПЦ “Вясна” падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. Яго разам з іншымі назіральнікамі даставілі ў РУУС Першамайскага раёну, але потым адпусцілі.

На наступны дзень, 26 сакавіка, яго затрымалі зноў, падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а затым яго асудзілі па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і далі штраф памерам 20 базавых велічынь.

Пасля гэтых падзей, 28 сакавіка, актывіст даведаўся, што яго заднім днём адлічылі з універсітэта – на загадзе рэктара стаяла дата 24 сакавіка. Афіцыйная прычына - «невыкананьне абавязкаў навучэнца». Аднак Крысціян упэўнены, што ён адлічаны за грамадскую дзейнасць. 

Крыніца: Мінскі гарадскі суд не знайшоў парушэнняў у адлічэнні студэнта Шынкевіча