Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць праваабаронцу ў знак прызнання заслугаў дзеля беларускай незалежнасці і дэмакратыі. Медаль на мінскай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” 30 жніўня ўрачыста уручыў праваабаронцу намеснік старшыні Рады БНР Мікола Пачкаеў. “Для мяне гэта вялікі гонар, я вельмі ўдзячны Радзе БНР за тое, што мая сціплая праца такім чынам была ўшанаваная. Гэта ўзнагарода мае больш сімвалічнае значэнне, бо мы разумеем, што гэта не дзяржаўная ўзнагарода ў поўным сэнсе гэтага слова. Калі б узнагарода была дзяржаўнай, я бы не прыняў яе. Бо калі ты займаешся праваабаронай у краіне і адстойваеш правы чалавека, то браць дзяржаўныя ўзнагароды, на мой погляд, неправільна”, — адзначыў пры ўзнагароджанні Алесь Бяляцкі.

medal_bnr_4.jpg
Алесь Бяляцкі і Мікола Пачкаеў пры ўручэнні ўзнагароды. Фота: spring96.org
medal_bnr_5.jpg
Узнагарода Алеся Бяляцкага. Фота: spring96.org

Таксама ён дадаў, што ў Беларусі ўвогуле багата людзей вартых гэтай узнагароды, якія працавалі на карысць Беларусі, на развіццё дэмакратыі і правоў чалавека, адстойвання незалежнасці Беларусі.

medal_bnr_2.jpg
Узнагарода Алеся Бяляцкага. Фота: spring96.org

Узгадваючы святкаванне стогоддзя БНР, Бяляцкі распавёў, што 25 сакавіка праваабаронцы правялі пад сценамі Першамайскага РАУСа.

“Замест таго, каб святкаваць з усімі каля Опернага тэатра, мы збіралі інфармацыю пра затрыманых і парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Будзем спадзяваца, што нашая праца па абароне правоў чалавека — недарэмная. Разумеем, што трэба набрацца цярпення і ставіць задачы доўгатэрміновага плану”, — зазначыў Алесь Бяляцкі.

medal_bnr_3.jpg
"Вясноўцы" з намеснікам старшыні Рады БНР Мікола Пачкаеў. Фота: spring96.org

Крыху раней медалём БНР-100 быў узнагароджаны кіраўнік гомельскай філіі “Вясны” праваабаронца Андрэй Стрыжак.

*Медаль быў заснаваны ў снежні 2018 года ўрадам БНР у дні святкавання 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Уручэнне ўзнагарод мае адбывацца на працягу 2019 году. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Сярод узнагароджаных ужо больш за 130 чалавек: дыпламаты, навукоўцы, артысты, грамадзянскія і палітычныя дзеячы.

Крыніца: Бяляцкі пра медаль БНР-100: Калі б узнагарода была дзяржаўнай, я не прыняў бы яе Фота