Генадзь Фядыніч у Менгарсудзе. Фота: ПЦ "Вясна". Год таму, 24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд па крымінальнай справе старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.  

Абодвух прызналі вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) і пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год.

Многія чамусьці лічаць, што абмежаванне волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, альбо “хатняя хімія” – лёгкі від пакарання.

“Мне кажуць “ну ты ж не ў турме”, але ж выходныя дні – гэта свайго роду турма. Чакаеш – хутчэй бы вечар і хутчэй бы панядзелак, каб выйсці на працу”, – распавядае ў фільме прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.

Журналісты “Вясны” правялі адзін дзень разам з “хімікам” Фядынічам і пераканаліся, што вельмі няпроста быць закутым у сценах сваёй кватэры два доўгія выходныя дні і назіраць праз вакно, як недзе віруе жыццё. І гэтак чатыры доўгія гады.

Генадзь Фядыніч распавядае пра абмежаванні, накладзеныя на яго судом і крымінальна-выканаўчай інспекцыяй, разважае пра тое, ці чакае ён амністыі.

Крыніца: “Адзін дзень “хіміка” Фядыніча”: прэм’ера фільма Відэа