Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Мінску Кацярына Гарлінская паведаміла "БелаПАН", што дадатковае расследванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана. Справа ўжо перададзена ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.
«Указанні пракурора, у сувязі з якімі крымінальная справа была вернута ў Завадскі РУСК для правядзення дадатковага расследавання, выкананы, - сказала Кацярына Гарлінская. - У дадзены момант яму прад'яўленае новае абвінавачванне па арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), на падставе ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), па арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства)».
Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.
5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130). Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай. Фігурантамі гэтай справы акрамя Паліенку з'яўляюцца Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева. 2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Але 16 ліпеня стала вядома, што пракуратура г. Мінска вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Крыніца: Справа Паліенкі ў другі раз перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд