31 ліпеня берасцеец Сяргей Вакуленка падпісаў загад пра непадаўжэнне кантракта ў сумесным беларуска-германскім прадпрыемстве «Дэльфа-Буг». Звальненню папярэднічала амаль тыднёвая галадоўка актывіста, якая працягваецца і цяпер.
"Беларускі партызан" паведамляе, што 31 ліпеня Сяргей Вакуленка забраў на прадпрыемстве працоўную кніжку. І пабываў у Брэсцкім аблвыканкаме, куды скардзіўся на дзеянні наймальніка. У аблвыканкаме Сяргею Вакуленку параілі звяртацца ў гарвыканкам.
Гісторыя са звальненнем, аказваецца, мае старыя карані - з 2015 года.
Не атрымалася скараціць - перавялі на кантракт
- Яшчэ ў 2015 годзе я з Дзянісам Турчаняком ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах. Мы ўзялі свае бюлетэні і вынеслі з участку для галасавання. Па выніках падліку галасоў недахопу бюлетэняў не аказалася, таму актывісты пайшлі ў суд з пазовам аб фальсіфікацыі выбараў. У жніўні 2016 гады да мяне на працу прыйшлі двое мужчын і паставілі дырэктару ультыматум: альбо вы, альбо Вакуленка і Турчаняк. Дырэктар адмовіўся звальняць добрасумленных работнікаў, сітуацыя супакоілася, - распавёў «Беларускаму партызану» Сяргей Вакуленка. - У кастрычніку 2016 году ад мяне запатрабавалі напісаць заяву на звальненне. У кастрычніку з'явіўся загад аб скарачэнні мяне і Дзяніса Турчаняка. Аднак на прадпрыемстве нам недаплачваюць, таму загаду ходу не далі.
А новы загад ужо быў выдадзены 17 студзеня 2017 года, згодна з якім Сяргей Вакуленка падлягаў скарачэнню з 17 сакавіка.
- Але мне ўсміхнулася ўдача: я звярнуўся ў гарвыканкам, які абавязаў наймальніка адмяніць загад аб маім скарачэнні. Адмянілі. Убачыўшы, што мяне не атрымліваецца скараціць, проста перавялі на кантрактную форму найму, а па заканчэнні кантракту наймальнік мае права звольніць любога работніка без тлумачэння прычын, - адзначыў Вакуленка.
Працоўны звяртаўся ў органы выканаўчай улады, пракуратуру, суд, у дзяржаўную інспекцыі працы, якія ўсталявалі факты парушэння заканадаўства аб працы.
24 ліпеня 2019 года Сяргей Вакуленка звярнуўся з лістом да кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай і старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса, у якім апісаў абставіны звальнення: «не таму што я дрэнны работнік, а таму што я дамагаюся справядлівасці і праўды не толькі для сябе, але і калегаў».
Зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Дашко адміністрацыя прадпрыемства «Дэльфа-Буг» «цалкам праігнаравала».
«Падкошваліся ногі»
У знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі прадпрыемства «Дэльфа-Буг» 25 ліпеня ў 8 гадзін раніцы Сяргей Вакуленка пачаў сухую галадоўку. Працоўны апавясціў адміністрацыю прадпрыемства пра галадоўку, «яшчэ раз пацвердзіў сваю пазіцыю і прасіў падоўжыць са мной кантракт». Пры гэтым супрацоўнік СП выходзіў на працу.
- 29 ліпеня мне выклікалі хуткую: высокі цукар, тэмпература 37,5, сухасць у роце, падкошваліся ногі. Хоць я выклікаў самастойна хуткую дапамогу, мне парэкамендавалі звярнуцца да ўрача-кансультанта, але толькі пасля звароту да галоўнага ўрача прыехала хуткая. Мне нават не прапанавалі выйсці з гэтага стану праз кропельніцу, - адзначыў Сяргей Вакуленка.
30 ліпеня працоўнага дадому адвезлі сябры. З-за свайго стану Вакуленка прыняў рашэнне спыніць сухую галадоўку, хоць працягвае галадаць.
- Я стаў закладнікам гэтай сістэмы, у якой нічога не хочуць рабіць і закрываюць на ўсе вочы. Такім чынам, кантрактная форма найму знявечыла не толькі маё асабістае жыццё, але і іншых грамадзян, - падкрэсліў Сяргей Вакуленка.
Дарэчы, даведаўшыся пра адчайны крок сябра Руху “За свабоду” Сяргея Вакуленкі актывіст прафсаюзу РЭП, былы “афганец” Аляксандр Сахарук, вырашыў у знак салідарнасці далучыцца да галадоўкі на 7-10 дзён.
Крыніца: Берасце: Сяргей Вакуленка працягвае трымаць галадоўку