Вітольд Ашурак. Фота: racyja.com 30 ліпеня Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу грамадскага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, якога аштрафавалі за пікет каля Лідскага райвыканкаму.

Па інфармацыі "Гарадзенскай Вясны", суддзя Анатоль Заяц 10 хвілін у прысутнасці некалькіх журналістаў і праваабаронцаў зачытваў скаргу і матэрыялы справы, пасля чаго зрабіў 20-хвілінны перапынак.

З'явіўшыся зноў у залі суда, Заяц абвесціў сваю пастанову - пакінуць рашэнне Лідскага раённага суда правамоцным. Вітольд Ашурак на паседжанні не прысутнічаў.

Нагадаем, што 17 чэрвеня бягучага году актывісты Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус выйшлі да будынку Лідскага райвыканкаму з плакатам “Мёртвая Дзітва”, інфармуючы такім чынам жыхароў пра небяспеку для здароўя. Падстава для пікета - надзвычайнае здарэнне на тэрыторыі Лідскага раёна: яшчэ 11 чэрвеня стала вядома пра моцнае забруджванне ракі Дзітва і мор рыбы. 

ditva_protest_1.jpg
Фота з тэлеграм-каналу NEXTA

Атручванне рэк Дзітва і Нёман адбылося праз зліў нечыстотаў з ачышчальных збудаванняў Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак ніякіх інфармацыйных і іншых дзеянняў па папярэджанні насельніцтва пра небяспеку ўлады Лідскага раёна цягам 6 дзён (!) не зрабілі.

Мясцовая міліцыя склала на Сяргея Пантуса і Вітольда Ашурка пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, а Лідскі раённы суд надзвычай хутка (ужо 20 чэрвеня) пастановай старшыні суда Вячаслава Мацука аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь.

Па дадзеных праваабаронцаў, Вітольда Ашурка аштрафавалі ўпершыню з вясны 2017 года, а для Сяргея Пантуса гэта ўвогуле першы штраф за рэалізацыю права на мірныя сходы.

Крыніца: Абласны суд прадказальна не задаволіў скаргу Вітольда Ашурка