Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках амаль усё лета правёў у штрафным ізалятары. Як стала вядома праваабаронцам, у чэрвені і ліпені на зняволенага было накладзена некалькі спагнанняў, сярод якіх змяшчэнне ў ШІЗА на 10 сутак: 10 чэрвеня, 30 чэрвеня і 10 ліпеня.
За час знаходжання ў ПК-9 палітвязень неаднаразова падвяргаўся жорсткім пакаранням у выглядзе заключэння ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) і ШІЗА. Цягам апошніх двух гадоў ён правёў больш за 400 сутак у экстрэмальных умовах. Паважны ўзрост, ізаляцыя ад людзей, немагчымасць знаходзіцца на свежым паветры, кепскае харчаванне – усё гэта выклікае трывогу за здароўе і жыццё палітвязня.
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік нагадвае, што 14 жніўня Міхаілу Жамчужнаму спаўняецца 64 гады. Пяць гадоў таму, 19 жніўня, ён быў затрыманы і асуджаны на 6,5 гадоў пазбаўлення волі.
Ён прапануе павіншаваць Міхаіла Жамчужнага з днём нараджэння, пажадаць яму здароўя, мужнасці і трываласці.
Лісты і віншавальныя паштоўкі можна дасылаць на адрас:
213410, ПК-9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь, Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу.
Крыніца: Палітвязень Жамчужны практычна ўсё лета знаходзіцца ў штрафным ізалятары