Павел Сапелка, эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы. Згодна Закона "Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", які ўступіў у сілу 25 ліпеня, асобным катэгорыям асуджаных (у тым ліку якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткамі 1, 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса), якія не падлягаюць вызваленню, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пакарання на 1 год, а непаўналетнім - на 2 гады.

Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка падзяліўся сваім меркаваннем з нагоды адной з асаблівасцяў амністыі гэтага года, якая закранае лёсы тых, хто асуджаны па антынаркатычным артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса:

- Амністыя пашырыцца ў частцы зніжэння тэрміну пакарання і на тых, хто здзейсніў злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў і псіхатропаў. На мой погляд, гэта не супярэчыць сэнсу пенітэнцыярнага заканадаўства: пасля таго, як крымінальная справа таго ці іншага чалавека канчаткова разгледжана судом і яму вызначана пакаранне ў адпаведнасці з цяжарам здзейсненага, ён становіцца звычайным зняволеным.

Усе асаблівасці здзейсненага злачынства ўжо ўлічваюцца прысудам, і ад гэтых асаблівасцяў залежыць від (пажыццёвае зняволенне, пазбаўленне або абмежаванне волі), тэрмін і ўмовы адбыцця пакарання (у турме, ў папраўчай калоніі ва ўмовах таго ці іншага рэжыму, ва ўстанове адкрытага тыпу). Канкрэтны від здзейсненага злачынства можа ўлічвацца пры арганізацыі выхаваўчай працы з асуджаным, але не можа ўплываць на стаўленне да зняволенага ў цэлым.

Павел Сапелка перакананы, што трапіўшы ў калонію, асуджаныя за збыт псіхаактыўных рэчываў павінны ацэньвацца толькі з пункту гледжання выканання імі рэжыму адбыцця пакарання і ступені выпраўлення. А гэтыя паказчыкі сярод асуджаных за нарказлачынствы нядрэнныя: па дадзеных, актуальных на красавік 2018 года, абавязацельствы аб правапаслухмяных паводзінах прынялі 99,9% асуджаных, у працы самадзейных арганізацый прымалі ўдзел больш за 80%, мелі і падтрымлівалі сацыяльна карысныя сувязі больш чым 90% асуджаных .

"Таму, - лічыць юрыст, - было б наогул цалкам лагічна пры адсутнасці грубых парушэнняў устаноўленага парадку адбыцця пакаранняў прымяняць амністыю да зняволеных без абмежаванняў па складах учыненых злачынстваў".

Крыніца: Павел Сапелка не бачыць прычын адмаўляць у амністыі зняволеным без абмежаванняў па складах злачынстваў