Мы былі знаёмыя з Валерыем Сядовым з канца 80-х гадоў. Я, быўшы асьпірантам інстытута літаратуры Акадэміі навук, жыў у асьпіранцкім інтэрнаце на вуліцы Акадэмічнай і ўжо тады актыўна займаўся грамадскай дзейнасьцю. У 87-м годзе – Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, якое было адным з кіпучых асяродках “нефармальнай” творчай моладзі, арганізацыя першых грамадскіх акцыяў, гуртаваньне ўсіх, хто хацеў дэмакратычных зьменаў. Увосень 1988-га – аргкамітэт Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, затым памятныя Дзяды. Вось недзе ў гэты час да мяне ў пакой прыйшоў знаёміцца і Валера, тады малады, з ахайна падстрыжанай барадой асьпірант акадэмічнага інстытуту філасофіі. Ён прыйшоў не адзін, а з прыгожай дзяўчынай, таксама асьпіранткай-філасафіняй, якая неўзабаве стала ягонай жонкай.
Мы паразмаўлялі за гарбатай, і не было ніводнага пытаньня па бягучай сітуацыі, па якім у нас былі б разыходжаньні. Адзінае – Валера не размаўляў па-беларуску, выбачаўся, казаў, што жыў у Расіі і сам з “сувораўцаў”. Але мова – не перашкода, яе тады на хаду вучылі ўсе. Валеры Сядоў адразу ж далучыўся да актыўнай грамадскай дзейнасці. У грамадстве ішлі вялікія зьмены, і мы хацелі браць у іх удзел. Тады ж Валера ўвайшоў ва Ўправу БНФ. Я памятаю, як ён казаў мне пра стварэньне Венскага камітэту – арганізацыі, якая будзе бараніць правы чалавека, як гарэлі ў яго вочы, і як ён казаў, што гэта тое, што дапаможа нам перамагчы камуністаў.
7 лістапада 1990 года Валеры Сядоў удзельнічаў у антыкамуністычным мітынгу ў Мінску перад Домам ураду. Падчас мітынгу ён узлез на пастамент помніка Леніну і прымацаваў да яго крыж, абматаны калючым дротам, і куфайку, як сімвал ГУЛАГу. Там жа ўсклаў да помніка Леніна гэтыя сімвалы камуністычных рэпрэсіяў «ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку». 7 траўня 1991 г. пастановай Пракуратуры БССР Валеры Сядоў быў арыштаваны і пасаджаны ў СІЗА №1 г. Мінска, на «Валадарку». Крымінальная справа была заведзеная ў выніку «парушэння грамадскага парадку». У СІЗА ён правёў 70 дзён, амаль палову з якіх – 32 дні – галадаў.
Валеры Сядоў быў апошнім палітычным вязьнем у БССР і першым, хто абвесціў у Беларусі ў 90-я гады XX стагоддзя палітычную галадоўку.
У 1991 годзе быў створаны дабрачынны фонд у падтрымку Валерыя Сядова і іншых ахвяраў рэжыму за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу, у які ўвайшлі мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, грамадскія актывісты Мая Кляшторная і Алесь Каралёў. Гэта была першая ў Беларусі падобнага кшталту праваабарончая ініцыятыва. Крымінальная справа супраць Валерыя Сядова была спыненая ўжо ў незалежнай Беларусі – 5 лютага 1992 года.
Венскі камітэт у Беларусі быў створаны ў 1989 ці 1990 гг. як рэакцыя на Венскую сустрэчу АБСЕ у 1986 г. У выніку гэтай сустрэчы краінаў АБСЕ, сярод якіх таксама быў і СССР, і выніковага дакумента, прынятага ў 1989 г., значную частку якога складалі абавязкі краінаў-удзельніц у галіне правоў чалавека, беларускія актывісты вырашылі стварыць беларускі Венскі камітэт. Назва гэтай адной з першых беларускіх праваабарончых арганізацый (на тыя часы існаваў і дзеяў толькі Мартыралог Беларусі) перагукаецца з Хельсінкскімі камітэтамі і групамі, якія дзеялі ў іншых еўрапейскіх краінах і савецкіх рэспубліках. Актыўнымі ўдзельнікамі Венскага камітэту былі грамадскія актывісты Валеры Сядоў (1952—2016 гг.), філосаф, журналіст, актывіст тагачаснага шырокага дэмакратычнуга руху Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне», Раман Якаўлеўскі, журналіст і палітолаг. Іншых сяброў Венскага камітэту, на жаль, мне зафіксаваць пакуль што не ўдалося. У 1991 годзе, хутчэй за ўсё, пасьля арышту Валерыя Сядова Венскі камітэт спыніў сваю актыўную дзейнасьць.
Па маёй прозьбе ў 2010 годзе Валеры Сядоў напісаў кароткія ўспаміны пра дзейнасьць Венскага камітэту, якія я і прыводжу тут без скарачэньняў:
Венскі камітэт
Ідэя стварэньня камітэту ўзьнікла як адваротная рэакцыя на масавы тэрор камуністычнага рэжыму, разьвязанага супраць сяброў БНФ і ўсіх нязгодных. Агучыў яе на адным з паседжаньняў управы, атрымаў ухвалу і стаў падбіраць кадры. Гэтым жа адначасова заняўся і беларускі КГБ. Ня буду ўспамінаць ніводнага прозьвішча сяброў камітэту сьвядома, да таго часу пакуль не разсакрэцяць архівы. Па-першае, каб не кідаць цень падозраньня на чэсных людзей. Па-другае, ніякай інфармацыі мы і не хавалі, а сексоты міжволі працавалі і на нас, даючы нам своеасаблівы “дах”, і служачы прыкрыцьцём ад арыштаў. Галоўны прыём барацьбы з камітэтам у чэкістаў быў наступны: яны сталі засылаць да нас вялізныя масы людзей з псіхічнымі адхіленьнямі, жонак пакрыўджаных мужамі, бабуль кінутых дзецьмі, усіх з розных прычынаў звольненых з працы, хворых, якія не атрымалі неабходнай дапамогі ў медыкаў, бамжоў усіх тыпаў, безпрацоўных, асуджаных незаконна па крымінальных артыкулах і т.д. і т.п.
Прыцягнуў двух юрыстаў, сталі весьці ўлік, але людзі патрабавалі (не прасілі) рэальнай дапамогі, а не спачуваньня. Спрабаваў агучваць праблемы на мітынгах, у самвыдаце, у размовах з чыноўнікамі, але выніка не было. Туліліся ў маім маленькім пакойчыку (9 кв.м.) ў камунальнай кватэры, грошай не было, рычагоў уплыву на ўладу таксама.
Паехалі ў Маскву на праваабарончую канферэнцыю. Гэта дала магчымасьць пазнаёміцца з галоўнымі дэсідэнтамі СССР, што натхняла і давала рэальны вопыт канкрэтнай дзейнасьці. Праваабаронцы падзяліліся на два накірункі і спосабы праваабарончай дзейнасьці:
- фіксацыя і распаўсюд інфармацыі пра парушэньне правоў;
- рэальная палітычная барацьба за правы чалавека.
Ні першы, ні другі спосаб мы зьдзейсьніць, на жаль, ня здолелі. І гэта і наша віна, і наша бяда. Апроч суб’ектыўных прычынаў вялікую ролю ў нашым пройгрышы ў гэтай справе адыграў КГБ. Агентура стала актыўна развальваць працу камітэту з сярэдзіны: праз пагардлівыя і непаважлівыя адносіны да прозьбітаў дапамогі, распаўсюд бруднай інфармацыі пра нашу працу, блакаваньне канкрэтных і рэальных спраў па аказаньні дапамогі, выдачу інфармацыі спецслужбам пра тых, хто зьвярнуўся па дапамогу. Гэтых няшчасных, безабаронных людзей сталі запалохваць і пагражаць ім расправай.
Як старшыня камітэту я ўдзельнічаў і ў канферэнцыях падняволеных народаў у Таліне і Тбілісі.
Аднойчы да нас прыехала прадстаўніца Міжнароднай Амністыі з ЗША. Мы доўга распавядалі ёй пра нашыя праблемы, абяцала дапамагчы, але, відаць, ня ўбачыўшы за нашымі словамі рэальных спраў – болей пра нас ня ўспомнілі.
10 сьнежня 1990 года мы на вул. Кастрычніцкай 5 правялі дазволены ўладамі мітынг, прысьвечаны Дню правоў чалавека. Сабралася некалькі тысячаў чалавек, што зьявілася для нас вялікай, але прыемнай нечаканасьцю. Пра гэты мітынг засталіся два яркіх успаміны. Перада мной на ўколенцах стаіць і плача сталая жанчына. Яна гаворыць:
“Дзякуй, сынок ад маіх таты і мамы, якія па 10 год адсядзелі ў лагеры толькі за тое, што сусед п’яніца данёс на іх, што яны ня згодныя зь лініяй партыі, а потым усяліўся ў наш дом, які хутка прапіў”.
У другое цяжка паверыць: цяперашні сенатар Павел Якубовіч, які расклейваў у цэнтры Менскау ўзятыя ў мяне ўлёткі, якія заклікалі людзей на мітынг, прысьвечаны правам чалавека.
Мінула 20 гадоў з таго часу спадзяваньняў і рамантызму, і вось мы жывем у краіне, у якой ня маем нават тых правоў, якія мелі тады… Падарожжа з камунізму ў фашызм і стане вынікам нашага жыцьця? Ці мы знойдзем нітку Арыядны і выйдзем з падполу ў сьвет? Усё залежыць толькі ад кожнага з нас, кожны выбірае сам.
Алесь Бяляцкі
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў
Крыніца: Блог Алеся Бяляцкага: Валеры Сядоў і Венскі камітэт