Праваабаронцы “Магілёўскай вясны”, якія распачалі кампанію па змяненні ўмоў утрымання вязняў у месцах несвабоды, атрымалі першыя адказы па сутнасці ад Дэпартамента фінансаў і тылу МУС і Магілёўскага УУС, паведамляе mspring.online.
Перапіска праваабаронцаў з кіраўніцтвам пенітэнцыярных устаноў доўжыцца ўжо трэці месяц. У ёй гаворка ідзе пра невыкананне Беларуссю патрабаванняў афіцыйнага дакумента ААН пад назвай «Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі ААН». Тэкст гэтага дакумента, які прапануе агульнапрыняты эталон для турэмных адміністрацый па ўсім свеце, ёсць у адкрытым доступе на афіцыйным сайце ААН.
Большасць беларускіх ізалятараў часовага ўтрымання (ІЧУ) былі сканструяваныя і пабудаваныя яшчэ ў савецкі час. Аб захаванні правоў чалавека тады асабліва не клапаціліся. Гэтыя старыя праблемы суправаджаюць наша жыццё і сёння, а для зняволеных гэта значыць, што яны рызыкуюць атрымаць у праблемы са зрокам.
Вокны камер ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама застаюцца непразрыстымі (устаўленыя матавае шкло альбо зафарбаваныя). Акрамя таго, яны маюць недастатковыя памеры для таго, каб вязні маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле. А менавіта такое патрабаванне – дастатковае асвятленне – змяшчаецца ў «Мінімальных стандартных правілах абыходжання са зняволенымі ААН» (Правіла 14).
Што ж адказалі на гэта прадстаўнікі МУС?
Начальнік Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Беларусі (ДФіТ) Аляксандр Казлоў паведаміў, што пасля праведзенага ў 2016 годзе капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй будынка магілёўскага ІЧУ магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выдаў заключэнне аб адпаведнасці патрабаванням санітарнага заканадаўства.
Аднак тут жа Казлоў пазначыў, што “з-за спецыфікі памяшканняў камернага тыпу (адсутнасць магчымасці іх вызвалення ад умантаванай ў сцены і падлогу мэблі, сантэхнічнага абсталявання і перагародак санітарнага вузла), разлік каэфіцыента натуральнай асветленасці на названых аб’ектах не праводзіўся ў сувязі з адсутнасцю магчымасці захавання методыкі выканання дадзенага даследавання. Пры правядзенні маніторынгаў кантралююцца толькі ўзроўні штучнай асветленасці”.
Што гэта значыць на практыцы? Гэта значыць, што зняволеныя ў ІЧУ псуюць зрок з-за кругласутачна працуючай пад столлю лямпачкі. Невыкананне правілаў ААН практычна аўтаматычна азначае і парушэнне беларускага ўнутранага заканадаўства. Відавочна, што грамадзяне, якія трапілі ў ІЧУ, знаходзяцца ў жылым памяшканні, дзе натуральнае асвятленне не адпавядае санітарным нормам і правілам «Патрабаванняў да натуральнага, штучнага і сумешчанага асвятлення памяшканняў жылых і грамадскіх будынкаў» Міністэрства аховы здароўя.
Не менш паказальным апынуўся і адказ намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Рыжанкова. У адказе на скаргу праваабаронцаў ён мудрагеліста паведаміў, што «у сувязі з рэжымнасцю аб’екта, у ІЧУ ўстаноўлена шкло з абмежаваннем скразной бачнасці, у адпаведнасці з тэхнічным кодэксам устаноўленай практыкі, зацверджаным загадам МУС, які мае абмежаваны доступ». Фактычна гаворка ідзе аб сакрэтным дакуменце, што парушае канстытуцыйныя правы грамадзян.
Праваабаронца Аляксандр Буракоў так пракаментаваў атрыманыя адказы:
"Радуе, што прадстаўнікі МУС – начальнік цэнтра гігіены ДФіТ, намеснік начальніка УУС – не адмаўляюць наяўнасць відавочных праблем. Таксама лічу пазітыўным той факт, што Уладзімір Рыжанкоў у сваім лісце спаслаўся на папярэднія заўвагі 1 і 2 Мінімальных стандартных правілаў ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі, якія паказваюць на рэкамендацыйны характар міжнароднага дакумента. Мы ведаем, што гэты ААН-аўскі дакумент вывучаецца ва ўсіх вышэйшых навучальных установах, якія рыхтуюць супрацоўнікаў МУС, і кіраўніцтва УУС ведае яго палажэнні".
Праваабаронца адзначыў, што заўвага 2, на якую спаслаўся Уладзімір Рыжанкоў, абвяшчае, што міжнародныя правілы «павінны выклікаць да жыцця пастаяннае імкненне да пераадолення практычных цяжкасцяў, якія стаяць на шляху да іх ажыццяўлення».
"Спадзяюся, што так і адбудзецца, і кіраўніцтва УУС пасадзейнічае гэтаму. Інакш Беларусь з турмамі, у якіх няма нават святла ў вокнах, можна прыраўняць да краін трэцяга свету. Як бы абсурдна гэта ні гучала, але ў XXI стагоддзі мы змагаемся за права вязня проста паглядзець у акно", – сказаў Буракоў.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: ІЧУ ў Магілёве: правы парушаюцца, шкода здароўю відавочная, але што рабіць – незразумела