Суд Кастрычніцкага раёна Гародні не стаў на бок гарадзенскага гісторыка Мечыслава Супрона, які 18-га чэрвеня выйшаў на мост праз Нёман і вывесіў расцяжку з надпісам “Нёман атручаны лідскім ЖКГ”. На паседжанні 10 ліпеня ён атрымаў штраф за парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства), паведамляе “Гарадзенская Вясна”. Каб падтрымаць Мечыслава, у суд прыйшлі яго сябры, праваабаронцы і журналісты.
Вёў працэс суддзя Руслан Хіхол.
На судзе Мечыслаў Супрон прадставіў медыцынскія даведкі са Скурвендыспансера Гародні і з паліклінікі, якія сведчылі пра тое, што пасля купання ў Дзітве і ён, і яго сын вымушаныя былі звярнуцца да медыкаў.
Таксама Мечыслаў прадставіў дакументы, якія сведчаць, што падчас праверкі ў Лідзкім ЖКГ было выяўлена, што ачышчальныя прылады знасіліся і састарэлі, і ў рэчку сапраўды пайшлі выкіды з пеадвышаным утрыманнем калія, азоту і фосфару.
Але ўсё гэта было пазней, пасля таго, як актывісты Бярозаўкі былі вымушаныя пайсці на публічную акцыю і былі пакараныя за гэта. І сам Мячаслаў Супрон быў вымушаныя пайсці на падобную акцыю, каб звярнуць увагу грамадства і ўладаў на гэтую экалагічную праблему. Да гэтага ж атручванне вады і лідскімі ўладамі, і дзяржаўнымі структурамі, што мусяць сачыць за экалогіяй, не толькі замоўчваліся, але і абвяргаліся. Так, масавы мор рыбы ў Дзітве, на які звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары, папросту тлумачыўся анамальнай спёкай.
«Я хацеў папярэдзіць людзей, што купацца ў Нёмане і Дзітве небяспечна для здароўя, а можа і жыцця. Бо я сам і мой сын пацярпелі ад такога купання, пра што ёсць медыцынскія сведчанні”, – заявіў у судзе сам Мечыслаў Супрон.
“Я не падаваў заяўкі на пікет ў выканкам таму, што адказу прыйшлося б чакаць больш двух тыдняў. А тут кожная хвіліна дарагая. Бо маглі пацярпець людзі, якія не ведалі пра небяспеку і ў гэтыя спякотныя дні ішлі купацца”, – адказаў гісторык на пытанне суддзі пра тое, чаму ён не звярнуўся ў выканкам па дазвол на правядзенне мерапрыемства.
Мечыслаў патлумачыў, што разумее, што парушыў заканадаўства, але не шкадуе наконт гэтага. Бо рабіў гэта, каб уратаваць здароўе, а можа і жыццё іншых.
Прысутныя ў зале, што прышлі сачыць за працэсам, пачалі гаварыць, што ў іншых краінах за такія дзеянні героям выдаюцца ўзнагароды. Аднак суддзя Хіхол расцаніў учынак Мечыслава па-іншаму.
У выніку Мечыслаў Супрон быў прызнаны вінаватым і пакараны штрафам у пяць базавых велічынь (127,5 рублёў).
Крыніца: Гарадзенскага гісторыка аштарфавалі за расцяжку над Нёманам