Суд Ленінскага раёна г. Магілёва 8 ліпеня пачаў разгляд адміністрацыйнай справы рэдакцыі газеты «Вечернего Магілёва» па арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд і выраб інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). Пра гэта паведамляе mspring.online. Справу распачалі пасля таго, як Рэспубліканская экспертная камісія па інфармацыйнай прадукцыі па скарзе маладзечанскага актывіста Валянціна Цішко знайшла ў матэрыялах абласной газеты прыкметы экстрэмізму.
Згодна з экспертным заключэннем камісіі прыкметы экстрэмізму знайшлі ў двух артыкулах газеты: «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны».
Судовае разбіральніцтва па гэтай справе вядзе суддзя Аляксандр Бушкевіч, які павінен устанавіць, ці сапраўды матэрыялы газеты з'яўляюцца экстрэмісцкімі. Падтрымаць газету прыйшлі каля двух дзесяткаў праваслаўных актывістаў. З сабой яны прынеслі іконы. Некаторыя прывялі нават дзяцей, аднак сакратарка судовага пасяджэння забараніла непаўналетнім прысутнічала на працэсе.
Юрыст газеты Станіслаў Леўчанка заяўляў суддзі адвод. Ён матываваў гэта тым, што Бушкевіч — былы следчы Следчага камітэта і, як былы сілавік, негатыўна ставіцца да ЛГБТ. Хадайніцтва аб адводзе было адхілена.
Юрыст "Вечернего Могилёва" распавёў на судзе, што экспертная камісія, якая знайшла прыкметы экстрэмізму ў матэрыялах газеты, не паведаміла пра дату і месца свайго пасяджэння, а таксама не прыслала сваё заключэнне ў рэдакцыю газеты. Акрамя таго, выданне не атрымала копію пратакола пасяджэння камісіі. Станіслаў Леўчанка зрабіў здагадку, што гэта звязана з магчымымі фальсіфікацыямі з боку камісіі. Ён заявіў, што газета ўжо падала скаргу на экспертную камісію ў эканамічны суд г. Мінска. Вынікаў пакуль няма — дакументы, па сцвярджэнні Леўчанка, паступілі ў мінскі суд толькі 8 ліпеня.
Каб пераканацца ў гэтым, суддзя Аляксандр Бушкевіч абвясціў перапынак у працэсе да 11 ліпеня.
Калі суд пагодзіцца з аргументамі экспертаў, то па арт. 17.11 КаАП можа пакараць рэдакцыю штрафам у памеры ад 50 да 200 базавых велічыняў (да 5100 рублёў). Раней рэдакцыя ў сацыяльных сетках ужо абвясціла збор сродкаў на яго выплату, загадзя «не верачы ў справядлівасць правасуддзя».
Газета "Вячэрні Магілёў" набыла вядомасць сваімі агрэсіўнымі артыкуламі з нападкамі на прадстаўнікоў ЛГБТК+. Як адзначыў магілёўскі праваабаронца "Вясны" Аляксандр Буракоў "Белсату", у параўнанні з іншымі мясцовымі СМІ, мова варожасці "Вечернего Могилёва" больш жорсткая і агрэсіўная:
«У адрозненне ад іншых СМІ, мова варожасці ў "Вечернего Могилёва" ў дачыненні да ЛГБТ, феміністак, розных празаходніх арганізацый, у тым ліку ААН і Еўрасаюза, — гэта была частка рэдакцыйнай палітыкі».
Крыніца: Суд па экстрэмізму над «Вечерним Могилевом» перанеслі