Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
- 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі для журналістаў намеснік Генпракурора А. Стук паведаміў аб выніках працы спецыяльна створанай Генпракуратурай групы па расследаванні выпадкаў масавых затрыманняў міліцыяй прадстаўнікоў цыганскай этнічнай меншасці 16 траўня ў г. Магілёве. Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі мелі ўсе падставы такім чынам масава адпрацоўваць цыганскія дыяспары і нічога супрацьпраўнага ў дзеяннях МУС не выяўлена. У сувязі з гэтым FIDH і ПЦ “Вясна” прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі ўлады Беларусі правесці паўнавартаснае расследаванне парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся Магілёве;
- 13 чэрвеня ПЦ “Вясна” стала вядома пра расстрэл Аляксандра Жыльнікава, прысуджанага да смяротнага пакарання прысудам Мінскага гарадскога суда. Лёс асуджанага па той жа справе Вячаслава Сухаркі, таксама прысуджанага да смяротнага пакарання, невядомы, але, з улікам наяўнай практыкі прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў, можна меркаваць, што ён быў таксама пакараны смерцю;
- на працягу месяца працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
- на працягу месяца фіксаваліся выпадкі адміністратыўнага пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў;
- 18 чэрвеня ў Бруселі Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь правялі шосты раунд двухбаковага дыялогу па правах чалавека;
- у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных зменаў, пры гэтым у чэрвені не было зафіксавана выпадкаў прымянення адміністрацыйных арыштаў па палітычных матывах, што ў цэлым працягвае агульную тэндэнцыю зніжэння колькасці выпадкаў прымянення адміністрацыйных арыштаў, характэрную для першых шасці месяцаў бягучага года. Не паўплывала на гэтую тэндэнцыю і правядзенне ў Беларусі з 21 па 30 ліпеня Другіх Еўрапейскіх гульняў.
Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які быў змешчаны на 3 месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), па выхадзе ў чарговы раз з меркаванняў уласнай бяспекі адмовіўся ад накіравання ў свой атрад, за што атрымаў чарговае пакаранне. 21 траўня яго змясцілі на 9 дзён у штрафны ізалятар.
Праваабаронцам “Вясны” таксама стала вядома, што Міхаіл Жамчужны 14 траўня даслаў у Горацкі раённы суд скаргу на пастаноўку яго на прафілактычны ўлік, як “схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці”. Але, улічваючы, што на ўлік яго паставіла адміністрацыя папраўчай калоніі № 14 (Навасады), суд адмовіў ва ўзбуджэнні справы ў сувязі з яго непадсуднасцю. Нагадаем, зараз Міхаіл Жамчужны адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць).
Смяротнае пакаранне
13 чэрвеня ПЦ “Вясна” стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Аляксандра Жыльнікава. Пра гэта каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палуду паведамілі сваякі асуджанага.
Пакуль што лёс другога фігуранта справы — Вячаслава Сухаркі — невядомы. Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананне ў адносінах да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе.
30 траўня адвакатка была на спатканні з Аляксандрам Жыльнікавым, дзе яны складалі скаргу ў Генеральную пракуратуру з нагоды разгляду справы па наноў адкрыўшыхся абставінах. 13 чэрвеня адвакат адправілася ў СІЗА № 1, каб працягнуць працу па скарзе, аднак там ёй сказалі, што Аляксандр Жыльнікаў “выбыў па прысудзе”. Адвакатка ўдакладніла, ці азначае гэта, што ён расстраляны, на што атрымала пацверджанне гэтай інфармацыі. Афіцыйнае паведамленне пра выкананне прысуду будзе накіравана сваякам з Мінскага гарадскога суда паводле працэдуры.
Акрамя гэтага ў Камітэце па правах чалавека ААН на разглядзе знаходзіцца індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава, які быў зарэгістраваны 24 снежня 2018 года пад нумарам 3082/2018.
Камітэт звяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай прыняць часовыя меры і не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту асуджанага Камітэтам.
29 траўня ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Аляксандра Жыльнікава. Спачатку мужчына атрымаў пажыццёвы тэрмін, але пасля паўторнага разгляду справы Мінскім гарадскім судом прысуд быў заменены на смяротнае пакаранне. Аднак апошняя інстанцыя на нацыянальным узроўні пакінула прысуд без зменаў, а скаргу асуджанага без задавальнення. Пасля гэтага Аляксандр Жыльнікаў з дапамогай праваабаронцаў накіраваў індывідуальны зварот у КПЧ ААН.
Варта адзначыць, што смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне напярэдадні правядзення ў Беларусі Другіх Еўрапейскіх гульняў. Чарговы расстрэл выклікаў асуджэнне з боку шэрагу міжнародных арганізацый.
Савет Еўропы асудзіў прывядзенне ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі, паведаміў прэс-сакратар арганізацыі Даніэль Холтген у сваім Twitter.
Еўрапейскі саюз таксама асудзіў выпадкі смяротнага пакарання ў Беларусі і заклікаў улады краіны ўвесці мараторый на яго прымяненне.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International зрабіла заяву, у якой асудзіла прывядзенне ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі.
Дыскрымінацыя
Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук падчас выступу 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі закрануў тэму масавага затрымання цыган 16 траўня ў Магілёве і іншых гарадах Беларусі.
У прыватнасці, Стук паведаміў, што працоўная група, якая была створана для ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі падчас масавага затрымання цыган у Магілёве, “разабралася з гэтай справай па гарачых слядах”. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што ў супрацоўнікаў міліцыі былі поўныя падставы такім чынам масава адпрацоўваць цыганскія дыяспары. Па словах намесніка генпракурора, брыгада, якую сфарміравалі з працаўнікоў Генпракуратуры і пракуратуры вобласці, нічога супрацьпраўнага ў дзеяннях супрацоўнікаў МУС не выявіла.
21 траўня старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзян цыганскай нацыянальнасці ў Магілёве.
Падобную заяву накіравалі ў абласную пракуратуру і магілёўскія праваабаронцы.
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў сумеснай заяве заклікалі беларускія ўлады неадкладна спыніць усе акты гвалту і пераследу ў дачыненні да суполак ромаў і пачаць незалежнае і бесстаронняе расследаванне парушэнняў правоў чалавека, якія адбыліся ў Магілёве, дзе 300 чалавек былі адвольна затрыманыя, у тым ліку 100 у мінулым месяцы ў рамках спецаперацыі, якая была спецыяльна накіравана на гэтую этнічную меншасць.
Свабода мірных сходаў, свабода меркаванняў і іх выказвання
У чэрвені працягвалася супрацьстаяньне ўладаў і праціўнікаў будаўніцтва экалагічна небяспечнай вытворчасці ў г. Брэсце: гараджане рэгулярна выходзяць на штотыднёвыя акцыі пратэсту, а супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць найбольш актыўных прадстаўнікоў грамадскасці і абвінавачваюць іх у здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў.
Так, 3 чэрвеня суддзя Сяргей Маручак аштрафаваў на 5 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП экалагічнага актывіста Эдуарда Сіліцкага. 5 чэрвеня суддзя Дзмітрый Шурын пастанавіў пакараць за ўдзел у адной з акцый 10 базавымі штрафу Яўгена Саўчука.
Вядомы брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін быў затрыманы з прымяненнем сілы і аштрафаваны на 10 базавых велічынь па надуманым абвінавачванні за асвятленне акцыі пратэсту 2 чэрвеня.
10 чэрвеня ў Крупках на 10 базавых велічынь аштрафаваны вядомы мастак Алесь Пушкін, які правёў пэрформанс у абарону беларускай мовы.
Святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў) атрымаў штраф памерам 15 базавых велічынь (382,5 рубля) за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” (23.34 КаАП).
Для таго, каб заплаціць штраф па артыкуле 23.34 КаАП, не абавязкова займацца палітыкай, абараняць правы чалавека ці экалогію. У Віцебску штрафам у 30 базавых велічынь быў пакараны арганізатар прыватнай выставы карцін некамерцыйнага характару ў арандаваным памяшканні.
Лідскі суд аштрафаваў 20 чэрвеня сябраў Руху “За Свабоду” Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса на 255 рублёў (10 базавых велічыняў) кожнага. Яны выйшлі да райвыканкаму з плакатам «Мёртвая Дзітва», каб прыцягнуць увагу да праблемы забруджвання ракі.
21 чэрвеня міліцыянты затрымалі трох удзельнікаў пікету супраць інтэграцыі Беларусі і РФ, пасля чаго вывезлі іх за горад і сілком вынеслі з аўтамабіля. Затрыманне належна не афармлялася, мірны пратэст быў спынены неабгрунтавана, супраць пікетоўцаў неабгрунтавана ўжывалася фізічная сіла.
Разам з тым, правесці мірную акцыю пратэсту па правілах, устаноўленых уладамі, практычна немагчыма: напрыклад, гомельскай хатняй гаспадыні Марыі Тарасенка, вядомай барацьбой з “дармаедскім” дэкрэтам, забараняюць мірныя акцыі пратэстаў, заяўленыя ёй у кожным райцэнтры гомельскага рэгіёну. Вулічныя шэсці забароненыя ў Жлобіне, Карме, Петрыкаве, Хойніках і Рэчыцы.
Працягваецца прымяненне адміністрацыйных спагнанняў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Часта аднясенне тых ці іншых носьбітаў інфармацыі або твораў да экстрэмісцкіх адбываецца адвольна. Празмерныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў асуджаюцца праваабаронцамі.
Так, 3 чэрвеня суд Пухавіцкага раёна пакараў штрафам у 5 базавых велічынь літаратара Славаміра Адамовіча за напісанае ім апавяданне, апублікаванае ў 2010 годзе.
10 чэрвеня ў Мінску чарговы штраф за “экстрэмізм” прызначаны Мікалаю Дзядку за размешчаны ў сацыяльных сетках скарочаны выраз непавагі на адрас прадстаўнікоў органаў правапарадку, прызнаны экстрэмісцкім ў любой сваёй праяве. Размешчаны надпіс з чатырох літар каштаваў актывісту 50 базавых велічынь.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2019