Праваабаронцам “Вясны” днямі стала вядома, што ў красавіку 2018 года памёр калісьці незаконна асуджаны Міхаіл Гладкі. Гэта той чалавек, якога ў 2003 годзе суд г. Заслаў’я пакараў да 8 гадоў калоніі строгага рэжыму за злачынства (ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса), якое ён не здзяйсняў. Праз дзевяць гадоў прысуд у адносінах да Міхаіла быў адменены, а крымінальная справа спыненая ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства. Але Міхаіл Гладкі так і не дачакаўся аднаўлення справядлівасці ў адносінах да сябе з боку дзяржавы і выплаты кампенсацыі за незаконнае асуджэнне. 10 кастрычніка 2002 г. Міхаіл Гладкі прыйшоў у дом да сваёй маці, дзе яна жыла з яго братам Віктарам, убачыў мёртвую маці і брата, які, як ён думаў, спаў на ложку. Паколькі раней Віктар неаднаразова збіваў маці, Міхаіл Гладкі вырашыў, што ён яе і забіў. Знаходзячыся ў моцным эмацыйным узбуджэнні, схапіў сякеру і нанёс некалькі удараў па галаве брата. Пазней ён выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу.
За што судзілі Міхаіла Гладкага?
Следства прад’явіла абвінавачанне ў забойстве двух чалавек – маці і брата. Пазней следчыя ўстанавілі, што маці забіў Віктар Гладкі, а Міхаіл Гладкі вінаваты ў забойстве толькі брата. Калі б першапачатковае абвінавачванне не было змененае, згодна з заканадаўствам, Гладкі мог быць прысуджаны да смяротнага пакарання.
У судзе сваю віну Міхаіл прызнаў цалкам, адседзеў пяць гадоў у калоніі і год і сем месяцаў правёў на папраўчых працах.
Сапраўдны забойца Эдуард Лыкаў быў затрыманы па падазрэнні ў забойстве жыхара Мінскага раёна ў 2011 годзе. Падчас следства, спасылаючыся на гутаркі з каталіцкім святаром і шчырае раскаянне, ён прызнаўся ў забойстве яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку ў сваіх першых забойствах – маці і брата Міхаіла Гладкага ў 2002 годзе. Іх забойства было здзейсненае за суткі да прыходу Міхаіла Гладкага да маці – 9 кастрычніка.
Нягледзячы на чыстасардэчныя прызнанні і супрацоўніцтва са следствам, дзякуючы якому быў рэабілітаваны невінаваты чалавек і раскрытыя яшчэ два забойствы, Эдуард Лыкаў у 2013 г. быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны.
“Па гэтай справе не быў пакараны ні адзін чалавек”
З 2014 года Міхаіл Гладкі да сваёй смерці дамагаўся аднаўлення права на пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды за незаконнае асуджэнне, а таксама прыцягнення да адказнасці асобаў, якія ўдзельнічалі ў судаводстве па ягонай справе. Аднак, Мінскі раённы суд, Мінскі абласны суд, Вярхоўны суд, Следчы камітэт і Генеральны пракурор адмаўляюцца ацэньваць прысуд і доказную базу, прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасці службовых асобаў, спасылаючыся на прызнальныя паказанні, якіх было “дастаткова для вырашэння крымінальнай справы ў судзе”.
Таксама Міхаілу Гладкаму адмовілі ў кампенсацыі шкоды, паколькі яго паказанні расцэньваюцца дзяржаўнымі органамі, як самаагавор. Той факт, што Гладкі быў упэўнены ў сваёй вінаватасці, такім чынам даваў “верныя і аб'ектыўныя паказанні”, а самаагавор з'яўляецца паведамленнем загаддзя ілжывых паказанняў з якой-небудзь мэтай, не разглядаўся.
Як адзначае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, за тое, што Міхаіл Гладкі адбыў гэты доўгі тэрмін, не пакаралі ніводнага чалавека.
“Трэба разумець, што гэта не пяць сутак і не дзесяць… Хаця па справядлівасці, калі чалавек незаконна адбыў хаця бы тры гадзіны ў месцах несвабоды, то прадстаўнікі дзяржавы павінны быць пакараныя. Дзяржава мусіць у любым выпадку разабрацца, чаму так адбылося, якія прычыны. Калі такое не адбываецца, то ў дзяржаве такое яшчэ адбудзецца не адзін раз.
Міхаіл казаў мне тады, што ён не патрабуе ад дзяржавы нейкай велізарнай сумы грошай. Ён толькі хацеў, каб хапіла грошай на помнікі ягонай маці і брату. А зараз такая сітуацыя атрымалася, што невядома, ці хопіць грошай на помнік яму асабіста”, — распавядае Андрэй Палуда.
Як адзначае праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, такая сітуацыя склалася менавіта з-за ігнаравання следчымі сваіх абавязкаў па поўным расследванні справы:
“Уся гэтая сістэма і сітуацыя паказала, наколькі ў нас людзі неабароненыя ад дзяржавы. Самае сумнае, што мы так і не здолелі дамагчыся якой-небудзь кампенсацыі для Мішы.
На прыкладзе гэтай справы, мы яшчэ раз упэўніліся, што сістэма не любіць прызнаваць свае памылкі. Ні адзін следчы і суддзя не былі прыцягнутыя нават да дісцыплінарнай адказнасці за тое, што яны не ўбачылі ні відавочных слядоў, ні надпісаў на сценах, ні адбіткаў пальцаў трэціх асобаў у хаце. Скарысталіся тым, што Міша прызнаў сваю віну, на гэтым і скончылі расследванне справы. Відавочна, чыстасардэчнае прызнанне не вызваляла следчыя органы ад абавязкаў поўна правесці расследванне. Ігнараванне сваіх абавязкаў следчымі прывяло да асуджэння невінаватага чалавека”.
Якія парушэнні прывялі да судовай памылкі?
Праваабаронцы “Вясны”, якія дапамагалі Міхаілу спагнаць кампенсацыю з дзяржавы, зрабілі аналіз гэтай справы і адзначылі прынцыповыя парушэнні следства і акалічнасці справы, не разгледжаныя судом, якія прывялі да судовай памылкі. Сярод іх:
- Адзін з суседзяў, Васіль, распавядаў, што бачыў, як напярэдадні забойства Віктар Гладкі ішоў дадому з незнаёмым чалавекам. Але гэтага суседа не толькі не паклікалі ў суд, але і не дапытвалі следчыя.
- Эдуард Лыкаў быў неаднаразова судзімы і ў крымінальнай базе ёсць яго адбіткі пальцаў, аднак, аператыўнікі не знайшлі на месцы злачынства ніякіх “чужых” адбіткаў.
- Па заяве Лыкава ў Вярхоўным судзе на месцы злачынства ў доме маці Гладкага ён пакінуў на сцяне надпіс “Знайдзі мяне і забі”, аднак, гэты надпіс таксама не быў даследаваны належным чынам.
- Згодна з экспертызай цела Віктара Гладкага, ён быў мёртвы ўжо суткі, калі Міхаіл Гладкі наносіў па ім ўдары сякерай, аднак, ні следства, ні суд не прынялі гэта да ўвагі.
- У прысудзе сказана, што згодна з экспертызай, на аддзенне абвінавачанага “ўстаноўлена наяўнасць крыві чалавека, якая магла паходзіць, у тым ліку, ад пацярпелага Гладкага В.П. Аднак, экспертызы павінны даваць больш дакладныя заключэння, ці была гэта кроў пацярпелых.
- Нягледзячы на прызнанне абвінавачанага, задачай следства з'яўляецца правядзенне ўсіх магчымых следчых дзеянняў, а суда – поўная і аб'ектыўная ацэнка сабраных доказаў, каб усталяваць ісціну. Праведзенае неналежным чынам расследавання і прыняцце судом сумніўных доказаў прывяло не толькі да асуджэння невінаватага, але і забойства яшчэ траіх чалавек – сапраўднага забойцу Гладкіх ніхто не шукаў, бо “вінаваты” ўжо быў знойдзены.
Палуда: “Гэта яшчэ адзін аргумент, што смяротнае пакаранне нашай краіне непатрэбнае”
Андрэй Палуда, які шмат працаваў з Міхаілам у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, адзначае, што на прыкладзе гэтай гісторыі людзі яшчэ раз задумаюцца, ці патрэбнае краіне смяротнае пакаранне і асабіста кожнаму з іх.
“Міхаіл Гладкі ўвайшоў у гісторыю нашай краіны не толькі як незаконна асуджаны чалавек, а цяпер і як чалавек, які не дачакаўся аднаўлення справядлівасці ад дзяржавы. Гэты чалавек згубіў усё, як ён казаў. Акрамя маці і брата, пасля некалькіх месяцаў вызвалення памерла ягоная жонка. Таму, калі ён дамагаўся кампенсацыі, у яго ўжо не заставалася нічога, акрамя надзеі. А цяпер ужо і не засталося самога чалавека.
Гэты выпадак узгадваецца з вялікім сумам. Для мяне асабіста гэта яшчэ адзін паказчык і аргумент таго, што смяротнае пакаранне нашай краіне непатрэбнае. Як паказала гэтая сітуацыя, дабіцца справядлівасці немагчыма. А тым больш, калі казаць пра чалавека, які можа быць расстраляны ў выніку падобнай судовай памылкі. Гэта вельмі жахліва…”
“І колькі такіх Міхаілаў Гладкіх у нас у краіне – ніхто не ведае”
Праваабаронцы “Вясны” з вялікім жалем успрынялі навіну пра смерць Міхаіла Гладкага.
“З вялікім жалем я даведаўся пра сумную навіну, што Мішы Гладкага няма больш з намі. Мне ён запомніўся такім звычайным маленькім чалавекам, якіх шмат у нашай краіне, які патрапіў у гэты молат дзяржаўнай машыны, якая не разбіралася і не хацела разбірацца вінаваты гэты чалавек, ці не”, — адзначае Валянцін Стэфановіч.
Андрэй Палуда ўзгадвае, што Міхаіл пры ўсёй жахлівасці ягонай жыццёвай сітуацыі быў стойкім чалавекам, стараўся заўсёды паводзіць сябе мужна, не паказваць эмоцый.
“Але памятаю выпадак, які яго моцна ўразіў. Чарговы раз, калі я прыехаў да яго на сустрэчу, ён сказаў мне: “Дзякуй вам, што людзі нават у Амерыцы дазналіся пра маю несправядлівую сітуацыю”. Справа ў тым, што ягонага суседа сваяк, які жыве ў Амерыцы, даведаўся пра гэты выпадак. Міхаіл вельмі здзівіўся, што нават там пра яго дазналіся. Калі мы пра гэта крыху паразмаўлялі крыху, ён сеў і заплакаў… Гэты чалавек меў патрэбу ў простай чалавечай увагі да сябе…
Якія ў мяне эмоцыі, калі я дазнаўся пра Міхаіла? Сум, роспач, бездапаможнасць, безысходнасць, бяссіле… Нешта падобнае адчуваем пасля кожнага расстрэлу, але тут крыху іншая сітуацыя, не звязаная з тэматыкай смяротнага пакарання. І колькі такіх Міхаілаў Гладкіх у нас у краіне – ніхто не ведае…” — дадае Андрэй Палуда.
Крыніца: Міхаіл Гладкі: чалавек, які не дачакаўся ад дзяржавы аднаўлення справядлівасці Фота