У Маладзечна 30 чэрвеня прайшоў прэм’ерны паказ дакументальнага фільма “Мы супраць смяротнага пакарання”, пасля якога адбылася адмысловая дыскусія.
Фільм прэзентавалі Андрэй Палуда, каарадынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, і Паліна Сцепаненка (Качаткова), пісьменніца, актывістка кампаніі.
“Мы вырашылі адысці ад стэрэатыпа паказваць прэм’еру спачатку ў сталіцы, а потым у рэгіёнах. Мы пачалі з Маладэчна, дзе заўсёды збіраецца інтэлігентная публіка і адбываюцца цікавыя размовы”, — адзначыла Паліна Сцепаненка.
У аснове фільма “Мы супраць смяротнага пакарання” — гісторыя чалавека, расстралянага за чужую віну. Гэта праваабарончае расследаванне, якое пачалося восенню 1998 года і завяршылася ў нашы дні. Таму фільм таксама падсумоўвае дзейнасць кампаніі Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі за 10 гадоў. Рэжысёрам выступіў Віктар Трацякоў.
Пытанне смяротнага пакарання разглядаецца праваабаронцамі у кантэксце тэмы правоў чалавека.
“Правы чалавека - ўвогуле складаная тэма, — адзначыў Андрэй Палуда. — Вельмі часта яна выклікае непаразуменне і дыскусію ў розных людзей па розных пытаннях. Ёсць больш вострыя тэмы, напрыклад правы ЛГБТК-людзей, а ёсць больш “зразумелыя тэмы” — правы людзей з інваліднасцю, правы дзіцяці, катаванні. Смяротнае пакаранне — гэта тэма, якая грамадствам успрымаецца ўсё яшчэ вельмі неадназначна”.
Кіраўнік рэгіянальнага аддзялення “Вясны” Алесь Капуцкі падкрэсліў, што Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе ёсць смяротнае пакаранне.
“Па ўсёй Еўропе смяротнае пакаранне адменена. Па усім былым Савецкім Саюзе таксама. Толькі ў нашай краіне засталася такая спадчына”, — адзначыў Алесь Капуцкі.
Першы крок, які намагаюцца зрабіць праваабаронцы — гэта увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі мараторый існуе з 1996 года, і гэта не паўплывала на павялічэнне колькасці злачынстваў.
Пасля фільма адбылася адбылася адмысловая дыскусія, падчас якой амаль кожны удзельнік выказаў свае меркаванне. Хтосьці выступаў рэзка супраць адмены смяротнага пакарання, многія — за. Некаторыя ўдзельнікі яшчэ не вызначыліся, а астатнія занялі “сярэднюю” пазіцыю: смяротнае пакаранне павінна быць адменена з-за пэўных умоў.
Пытанне адмены смяротнага пакарання апошні раз у Беларусі выносілася на рэферэндуме 1996 года. Тады за адмену прагаласавалі 17,93%, супраць — 80,44%. Але не ўсё так проста, лічыць адзін з удзельнікаў дыскусіі:
“Варта разумець пытанне адсоткаў падчас галасаванняў, у тым ліку на рэферэндуме. Справа ў тым, што замоўчваецца той факт, што рэферэндум 1996 года насіў кансультатыйны характар. А потым, калі вынікі сталі “добрымі” і выгаднымі, прэзідэнт яго узаконіў”, — адзначыў удзельнік.
Думкі ўдзельнікаў дыскусіі:
— Я ўпэнены, што смяротнае пакаранне адмоўна ўплывае на псіхалагічны стан грамадства.
— Павінен быць падзел уладаў у дзяржаве. Судовая ўлада павінна быць незалежнай, тады будзе выключаная магчымасць судовай памылкі.
— Пяцьдзесят на пяцьдзесят: дзесьці і можна прымяніць смяротную кару, а дзесцьці можна і замяніць пажыццёвым зняволяннем, каб чалавек у турме адчуў і асэнсаваў, што ён зрабіў.
— Калі нявіннага асудзяць, то у яго будзе магчымасць дачакацца апраўдання.
— Пад смяротным пакараннем хаваюцца лёсы канкрэтных людзей. Ці гатовыя мы браць адказнасць за гэтыя лёсы? Калі я скажу, што я за смяротнае пакаранне, то значыць я гатовы забіць чалавека. Але не, я гатовы яго ізаляваць, няхай ён там сядзіць, але забіць я не гатовы.
Дыскусіі і паказ фільма “Мы супраць смяротнага пакарання”, прымеркаванага да 10-годдзя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” адбудуцца неўзабаве ў шэрагу іншых гарадоў.
Крыніца: Маладэчна: Прэм’ерны паказ фільма “Мы супраць смяротнага пакарання” Відэа Аўдыё