Як паведамляе "Гарадзенская Вясна", супрацоўнікі слонімскай міліцыі сталі цікавіцца традыцыйнай акцыяй памяці Міхала Валовіча, актыўнага ўдзельніка нацыянальна-вызвольнага руху ў XIX-ым стагоддзі.
Стала ведама, што днямі ўчастковы міліцыянт з мэтай апытання шукаў Івана Бедку, пенсіянера і грамадскага актывіста. А пазней, 26 чэрвеня, да іншага грамадскага актывіста са Слоніма Віктара Марчыка наведаліся супрацоўнікі Слонімскага РАУС, якія цікавіліся ўдзелам Марчыка ў памінальным дні.
Штогод беларуская грамадскасць у мясцовасці Парэчча Слонімскага раёну (радзіма Міхала Валовіча) на могілках ушаноўвае памяць паўстанцаў 1830 года. Адным з заснавальнікаў акцыі памяці стаў таксама нараджэнец Парэчча, светлай памяці краязнавец Аляксандр Талерчык. Найперш на яго сродкі была адноўленая магіла Міхала Валовіча і пастаўлены помнік з прозвішчамі іншых мясцовых удзельнікаў вызвольнага руху.
Звычайна слонімская міліцыя не перашкаджала правядзенню ўшанавання. Сёлета грамадская акцыя таксама прайшла спакойна. Яна адбылася 16 чэрвеня. Ушанаваць нацыянальных герояў у Парэчча прыехала каля 30 чалавек са Слоніма, Мінску, Гародні і іншых рэгіёнаў Беларусі.
Крыніца: Міліцыю зацікавіў штогадовае ўшанаванне памяці Міхала Валовіча