У Беларусі правялі сацыялагічнае даследаванне «Вымярэнне ўзроўню талерантнасці да дзяржаўнага гвалту». І высветлілі, што нашы людзі не гатовыя апраўдваць гвалт, выключэнне складаюць выпадкі, калі існуе пагроза жыццю іншых людзей, калі злачынец адкрыта парушае устаноўленыя правілы і калі высокая небяспека злачынства або самога злачынцы. Пра гэта падрабязна піша TUT.BY
Каб ацаніць, наколькі беларусы талерантныя да гвалту з боку дзяржорганаў, спецыялісты дэпартамента сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў групы кампаній «САТІО» апыталі 902 чалавекі, усе яны - жыхары гарадоў з насельніцтвам больш за 50 тысяч чалавек, ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў. Рэспандэнтам распавялі некалькі змадэляваных гісторый і спыталіся, што яны думаюць пра гвалт у дадзеным выпадку. Даследаванне праведзена на замову беларускіх праваабаронцаў: «Прававая ініцыятыва», «Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава»,« Праваабаронцы супраць катаванняў».
Гісторыя першая: супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з тэрарызмам затрымалі супольніка тэрарыста. Ён ведае, калі ў метро будзе здзейснены тэракт. Яго збілі, каб даведацца, на якой станцыі і калі менавіта адбудзецца выбух. Тэракт быў прадухілены. 78% апытаных лічаць, што ў такой сітуацыі дзеянні праваахоўнікаў дапушчальныя, 47% не лічаць, што гэта наогул гвалт.
А вось другі выпадак: па падазрэнні ў крадзяжы быў затрыманы прараб. Каб высветліць, як адбылося злачынства, праваахоўнікі збілі затрыманага, і ён прызнаўся ў здзяйсненні крадзяжу. У такой сітуацыі 97% апытаных лічаць, што дзеянні супрацоўнікаў недапушчальныя, 95% называюць гэта гвалтам. Чаму людзі так па-рознаму ўспрымаюць збіццё? Таму што ў выпадку з прарабам ўзровень небяспекі ніжэй, чым у выпадку з тэрактам.
Трэцяя гісторыя: па падазрэнні ў забойстве следчыя затрымалі чалавека. Яго мабільны тэлефон знаходзіўся паблізу ад месца, дзе было здзейснена забойства. Ён быў знаёмы з забітым, у іх былі непрыязныя адносіны, раней судзімы, няма алібі. Падазраваны не хацеў даваць паказанні, але следчыя пагражалі катаваннямі, і мужчына прызнаўся ў забойстве. 86% апытаных лічаць, што гэта гвалт, такія дзеянні праваахоўнікаў недапушчальныя.
Яшчэ адзін прыклад: за крадзеж дэзадаранта ў краме ахоўнікі затрымалі дзяўчыну і выклікалі міліцыю. У аддзяленні міліцыі яна адмовілася здаваць адбіткі пальцаў. Міліцыянты заламалі затрыманай рукі і прымусова ўзялі ў яе адбіткі пальцаў. 67% апытаных лічаць дзеянні міліцыі недапушчальнымі, 66% называюць гэта гвалтам. Пры гэтым 25% дапускаюць, што праваахоўнікі дзейнічалі правільна, заломванні рук не ўспрымаюць як гвалт, бо лічаць, што раз чалавек затрыманы за злачынства, то павінен здаваць адбіткі пальцаў.
Праект аб катаваннях у Беларусі #БезПраваНаРасправу
Адзіны выпадак, пры якім рэспандэнты, якія назвалі дзеянні супрацоўнікаў гвалтам, гатовыя масава апраўдаць гэтыя дзеянні, звязаны з непасрэднай пагрозай жыцця мноства людзей.
Рэспандэнтаў таксама спыталі, куды б яны звярнуліся, калі б з боку дзяржорганаў да іх быў ўжыты гвалт. 49% гатовыя пісаць у пракуратуру, 12% - у праваабарончыя арганізацыі, пайсці да юрыста гатовыя 11%, у суд - 8%, звярнуцца да сяброў і знаёмых - 5%, пайсці ў міліцыю - 3%, іншае - 2%, не сталі б звяртацца па дапамогу - 5%, не могуць адказаць - 5%.
Вопыт перажытага гвалту з боку прадстаўнікоў дзяржорганаў моцна зніжае давер людзей да праваахоўнікаў, суду. Калі рэспандэнт стаў відавочцам гвалту, ён з большай верагоднасцю звернецца ў праваабарончыя арганізацыі. Менш памяркоўныя да гвалту адукаваныя людзі з высокім прыбыткам (больш за 1000 рублёў у месяц).
Акрамя таго, у рамках даследавання вывучалі стаўленне беларусаў да смяротнага пакарання: цалкам ўхваляюць - 31%, хутчэй за ўсё ўхваляюць - 40%, хутчэй не ўхваляюць - 19%, цалкам не ўхваляюць - 8%, няма думкі па гэтым пытанні - 3%.
Чым вышэй узровень адукацыі, тым менш памяркоўныя беларусы да смяротнага пакарання. Адабрэнне смяротнага пакарання расце з павелічэннем прыбытку і рэзка падае ў найбольш забяспечаных людзей (з прыбыткам ад 1000 рублёў у месяц). У Мінску і Брэсцкай вобласці больш за ўсё праціўнікаў смяротнага пакарання, прыхільнікаў больш за ўсё ў Гомельскай і Віцебскай абласцях. Адабрэнне смяротнага пакарання зніжаецца, калі чалавек сам пацярпеў ад гвалту з боку дзяржорганаў або быў сведкам, як пацярпеў нехта іншы.