У 2000 годзе Генеральная Асамблея ААН пастанавіла, што, пачынаючы з 2001 года, 20 чэрвеня будзе адзначацца як Сусветны дзень бежанцаў (Word Refugee Day). Падставай для гэтага паслужыла 50-я гадавіна Канвенцыі пра статус бежанцаў 1951 года. Дагэтуль многія краіны і рэгіёны адзначалі ўласныя памятныя дня і нават тыдні, прысвечаныя бежанцам. Адзін з самых вядомых — Дзень афрыканскіх бежанцаў, які таксама адзначаецца 20 чэрвеня. Афрыканскі саюз пагадзіўся з тым, каб адначасова адзначаўся міжнародны Дзень бежанцаў.
Неабходна адрозніваць бежанцаў і мігрантаў паміж сабой. Бежанец — гэта той, хто вымушаны пакінуць краіну свайго паходжання ў выніку ваеннага канфлікта альбо сістэматычнага парушэння праў. Мігрант — той, які абірае такі шлях. У адрозненні ад мігранта бежанец заўсёды патрабуе дадатковай абароны. Ён павінен прайсці пэўныя працэдуры, каб атрымаць статус бежанца (па-ангельску гэта называецца “asylum seekers”), з якім з’яўляюцца дадатковыя гарантыі, матэрыяльная і прававая дапамога. Такім чынам, паняцці “бежанец” (“refugee”) і “той, хто мае статус бежанца” адрозніваюцца тым, што ў другім выпадку існуе юрыдычнае замацаванне з боку дзяржавы.
Прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі Жан-Іў Бушардзі паведамляе:
"Толькі ў мінулым годзе 895 асоб звярнуліся з просьбай даць абароны ў Беларусі. Большасць з іх — грамадзяне Украіны, Афганістана і Сірыі. Гэта прыкладна на 150 чалавек больш з пункту гледжання новых заяўнікаў у параўнанні з 2017 годам”.
Згодна з Міністэрствам унутраных спраў, у Беларусі на 2019 год ёсць план па прыняцці 900 чалавек. Эніра Браніцкая, каардынатар напрамку па абароне правоў замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства Human Constanta, падкрэслівае, што людзей за статусам бежанца ў Беларусі звяртаецца ў тры-чатыры разы больш.
“З украінцамі іншая сітуацыя: тое, што назывецца дадатковая абаронай, — дадае Эніра Браніцкая. — Гэты статус азначае: у дадзены момант чалавеку патрэбна дапамога, а праз год ужо можа быць не патрэбна, у адрозненні ад статуса бежанца, які даецца назаўсёды. Беларусь не тое, каб прызнае канфлікт ва Украіне, не кажа, што гэта вайна. Але Беларусь прызнае нейкую праблему ў рэгіёне і таму распрацавала статус дадатковай абароны для людзей адтуль, і яго патрэбна кожны год падаўжаць”.
Чаму Беларусь імкнецца прымаць бежанцаў?
“Ёсць міжнародныя стандарты, і гэта абавязак джяржавы — падтрымліваць тых, хто ў бядзе. Ёсць некалькі Канвенцый па бежанцам, і наша краіна таксама некалькі з іх падпісала. Гэта імідж краіны. Беларускі закон па бежанцам нават не дрэнны, але практыка горшая, чым закон. Лічбы базуюцца на рэальнай сітуацыі, колькі бежанцаў звяртаюцца за афіцыйнфм статусам. Беларусь не прывабная краіна для бежанца, і таму гэтыя лічбы нізкія. Ёсць правіла першай краіны, і гэта азначае, што бежанец просіць прытулку ў тэррытарыяльна першай бяспечнай краіне. Але многія імкнуцца ў Еўропу”, — распавядае праваабаронца Эніра Браніцкая.
Транзітныя бежанцы ў Беларусі
Некаторыя бежанцы (часцей за ўсё з Каўказскага рэгіёна) не могуць застацца ў Беларусі, якая не мае мяжой з Расеяй, бо ў гэтым выпадку іх бяспека застаецца пад пагрозай з-за магчымых спрошчаных экстрадыцый і выкраданняў людзей. Каля 80% бежанцаў з Чачні, якія зараз знаходзяцца ў Берасці, гэта жанчыны з дзецьмі. Часцей за ўсё яны бягуць ад хатняга гвалту, бо сістэма абароны правоў жанчын, нажаль, у Чачні не працуе. Мужчынскае насельніцтва бяжыць ад Чачэнскага канфлікту. Вось гісторыя аднаго з бежанцаў, які апынуўся ў Берасці:
"Мне прыйшла позва, але я не пайшоў у аддзяленне. Мяне ўсё роўна забралі, трымалі 10 дзён і білі доўга. Казалі, каб я падпісаў дакументы і працаваў на іх. Але калі я стану асабістай аховай, яны будуць казаць, што рабіць трэба, і калі трэба забіваць чалавека, прыйшлося б яго забіваць. Таму я збег сюды».
Бежанцы з Берасця спрабуюць рабіць спробы трапіць у Польшу, каб атрымаць там статус бежанца. Часцей за ўсё польскія памежнікі ім адмаўляюць.
“Нельга зафіксаваць сярэднюю колькасць спробаў уезду, — кажа Юлія Стасюк, каардынатарка Берасцейскага офіса Human Сonstanta. — У сярэднім, гэта 5-6, але ў нас быў зафіксірован выпадак, калі чалавек зрабіў 64 спробы. Кагосьці могуць пусціць і з першай. Але алгарытму, па якім пускаюць памежнікі, не, гэта заўсёды латэрэя”.
10 снежня 1948 году Генэральная Асамблея ААН зацвердзіла «Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека», 14-ы артыкул якой прысвечаны праву на прытулак:
1. Кожны чалавек мае права шукаць прыстанак ад праследавання ў iншых краiнах i карыстацца гэтым прыстанкам.2. Гэта права не можа быць выкарыстана ў выпадку праследавання, сапраўды заснаванага на здзяйсненні непалітычнага злачынства, або дзеяння, што супярэчыць мэтам i прынцыпам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.
Крыніца: Права на прытулак павінен быць у кожнага. У сусвеце адзначаецца Дзень бежанцаў