Усё часцей можна пачуць пра выпадкі затрыманняў актывістаў, палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў на беларускай мяжы. Так, 9 чэрвеня стала вядома, што на выездзе з краіны быў затрыманы анархіст Мікалай Дзядок, яго пашпарт аднеслі на «спецпроверку», прычынай для якой стала нібыта падазрэнне ў падробцы дакумента. ПЦ "Вясна" сабраў выпадкі затрыманняў на мяжы прадстаўнікоў розных грамадска-палітычных групаў, якія падвяргаюцца дагляду і асабістым аглядам з-за сваёй дзейнасці.
Праваабаронцы
Андрэй Стрыжак разам з жонкай Яўгенія не аднойчы падпадалі пад працэдуру асабістага і мытнага дагляду. Асаблівую ўвага да праваабаронцаў была на пачатку 2018 года, калі тройчы за некалькі месяцаў іх здымалі для паглыбленага асабістага дагляду.
«Асабісты дагляд маёй жонкі скончаны, зараз будуць даглядаць мяне. Апошні цягнік з Гудагаю на Мінск ад’язджае праз паўгадзіны, на які, хутчэй за ўсё мы не паспяваем. Нам свеціць перспектыва застацца ночыць у Гудагаі.
Нягледзячы на тое, што гэта ўжо другі асабісты дагляд за 10 дзён, службоўцы адмаўляюць, што гэта перадузяты характар кантролю», – адзначыў тады Андрэй Стрыжак.
Яшчэ аднага праваабаронцу “Вясны” з Гомеля Леаніда Судаленку таксама неаднаразова спынялі для дагляду, канфіскоўвалі ноутбук і літаратуру. А аднойчы памежнікі нават вынасілі яго на руках, а потым прымушалі распранацца да майткоў, і нават склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП за непадпарадканне законным патрабаванням памежнікаў. Канешне, пры гэтым нічога забароненнага ў яго не знаходілі, а рэчы праз нейкі час вярталі. Праваабаронца звяртаўся са скаргамі на неправамерныя дзеянні памежнікаў у суд, але апошні не знаходзіў ніякіх парушэнняў.
Анархісты
Яшчэ адна група рызыкі – анархісты. Актывістаў неаднойчы здымалі з цягнікоў і аўтобусаў, спынялі на асабістых аўтамабілях і адпраўлялі на паглыблены дагляд. Як правіла ў іх шукаюць літаратуру, налепкі і іншыя інфармацыйныя матэрыялы з забароненай сімволікай ці экстрэмісцкім зместам.
Пад такія дагляды неаднойчы траплялі Марыя Рабкова, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў разам з жонкай Марынай ды шмат іншых актывістаў, якія ўнесеныя ў “адпаведныя спісы”.
Мікола Дзядок так каментуе сваё апошняе затрыманне на мяжы:
"Усё кажа пра тое, што існуюць нейкія адмысловыя спісы на "праверку" на ў'езд і на выезд. У іх трапляюць усе сацыяльна актыўныя грамадзяне, ад анархістаў да праваабаронцаў. Аднак наяўнасць у спісе не азначае, што чалавека будуць "трэсці" кожны раз.
Падаецца, што спісы "актывізуюцца" перад нейкімі ключавымі здарэннямі, тыпу выбараў, Еўрапейскіх гульняў і г.д. Але могуць чалавека "прашманаць" і незалежна ад такіх падзеяў, "рандомна". То бок да канца не зразумела, калі чалавека са спіса шманаюць, а калі - не.
Аднойчы я нават чуў ад недасведчанай памежніцы як яна сказала начальству па рацыі, пабачыўшы мой пашпарт: "У мяне супадзенне па спісах".
Але канешне вельмі смешна, што памежнікі амаль ніколі не прызнаюцца, што гэта мае палітычную прычыну. Адзін раз толькі на беларуска-польскай мяжы мяне запыталася памежніца: "Што ўжо натварыў?" Амаль заўседы кажуць "гэта выбарачная праверка", а калі ім кажаш, што маўляў, ведаю я ўсе і ўсе разумею, яны робяць круглыя вочы, выглядае вельмі наіграна”.
Актывіст падвяргаўся ўзмоцненнай праверцы каля пяці разоў, а здымалі з транспарту для гэтага яго два разы.
“Я думаю, патрапіўшы ў гэтыя спісы, будзеш у іх ужо назаўжды. Прынамсі, я не ведаю выпадку, каб чалавека трэслі, а потым раптоўна перасталі.
Самае цікавае канешне, што ў 99,9% выпадкаў у людзей нічога не знаходзяць. Анархіст не павязе з сабой праз мяжу улёткі, налепкі, ці там падазроныя кнігі, бо разумее што гэта небяспечна. Іншыя актывісты, думаю, таксама. Таму гэта такая эрзац-мера, проста каб паказаць начальству, як мы "адпрацоўваем" экстрэмістаў. Ну і псіхалагічны ціск, вядома, бо ў гэтых працэдурах прыемнага мала”, - падкрэслівае Мікола Дзядок.
Журналісты і блогеры
Не пусцілі за мяжу на прыканцы 2018 года і вядомага блогера з Брэста Сяргея Пятрухіна. Тады высветлілася, што ў выездзе яго абмежавала Ленінскае РАУС г. Брэста.
Што рабіць і як абараніць сябе, калі вас усё ж спынілі і даглядаюць на беларускай мяжы – чытайце ў нашых картках:
"Мытня дае дабро”, або Што рабіць, калі даглядаюць на мяжы
Крыніца: “Патрапіўшы ў гэтыя спісы, будзеш у іх ужо назаўжды”. Як даглядаць актывістаў на мяжы