Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік атрымаў чарговы ліст ад палітычнага зняволенага Міхаіла Жамчужнага, паведамляе "Віцебская Вясна". У лісце з горацкай калоніі палітвязень піша, што 21 траўня ў яго завяршыўся трохмесячны тэрмін ПКТ, а наперадзе яго чакаюць 2-3 месяцы ШІЗА. Ён асцерагаецца, што з-за гэтага перапіска можа зноў ускладніцца.
Жамчужны паведамляе калегам, што працягвае звяртацца ў Горацкі раённы і Магілёўскі абласны суды, каб адмяніць усе спагнанні, вярнуць дзяржпошліны, грошы за паслугі адвакатаў і маральную шкоду. Пакуль што гэта ў яго атрымліваецца дрэнна, бо сутыкаецца з процідзеяннем судоў і адміністрацыі калоніі.
“Адмаўляючы законнасць усіх пакаранняў, накладзеных на яго адміністрацыяй калоніі, і абскарджваючы іх у судах, Міхаіл Ігаравіч прыняў, на мой погляд, адзіна слушны спосаб абароны ад неабгрунтаваных і дыскрымінацыйных прэтэнзій з боку кіраўніцтва калоніі. “Калі ён і надалей будзе весьці сваю абарону падобным чынам, то ўрэшце рэшт даможацца свайго”, – лічыць праваабаронца Леанід Свецік.
Змагаецца не толькі за сябе
“Адміністрацыя адмовіла мне ў прадастаўленні ў суд копій дакументаў з маёй асабістай справы. Але яна дала права праз суд запатрабаваць гэтую службовую інфармацыю, чым я паспяхова скарыстаўся для сваёй абароны”, – дзеліцца досведам барацьбы за свае правы Жамчужны.
У той жа час зняволены праваабаронца займаецца абаронай не толькі сваіх прыватных інтарэсаў. Ён заклапочаны пераўладкаваннем усёй сістэмы адбыцця пакарання ў нашай краіне, лічачы неабходным разбурыць манаполію МУС у гэтай дзяржаўнай сферы.
“У супрацоўніцтве з заслужаным юрыстам Беларусі, доктарам юрыдычных навук прафесарам Міхаілам Пастуховым распрацавалі план перападпарадкаваньня Дэпартамэнта выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі, мэдчастак калоній – Міністэрству аховы здароўя, навучальных установаў (ПТВ, тэхнікумаў, ВНУ і бібліятэк) – Міністэрству адукацыі. Для гэтага сабралі подпісы і ўжо накіравалі іх для разгляду ў Палату Прадстаўнікоў”, – піша Міхаіл Жамчужны.
Напрыканцы свайго кароткага ліста палітвязень дзякуе ўсім неабыякавым людзям за падтрымку ў “цяжкі пэрыяд жыцьця”, за клопат і ўвагу. “Спадзяюся, што чарговая ізаляцыя ў ШІЗА будзе нядоўгай”, – заканчвае ліст зняволены праваабаронца.
Крыніца: Палітвязень Жамчужны: Спадзяюся, чарговая ізаляцыя ў ШІЗА будзе нядоўгай