Хто такі ўчастковы інспектар міліцыі? Участковы інспектар міліцыі - гэта афіцыйны прадстаўнік органаў унутраных спраў і органа мясцовага самакіравання на давераным яму адміністрацыйным участку. |
Якімі нарматыўна-прававымі актамі кіруецца ўчастковы ў сваёй дзейнасці? У сваёй дзейнасці ўчастковы павінен кіравацца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі «Аб органах унутраных спраў», «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», Інструкцыяй па арганізацыі дзейнасці ўчастковага інспектара міліцыі, а таксама іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў. |
Якія задачы ва ўчастковага інспектара міліцыі? Перад участковым інспектарам стаяць наступныя задачы: - забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян;
- ахова грамадскага парадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі;
- прафілактыка, выяўленне, спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў на замацаваным адміністрацыйным участку;
- папярэджанне гвалту ў сям'і, правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі, што знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення;
- забеспячэнне ўзаемадзеяння з грамадзянамі, іх аб'яднаннямі, садзейнічанне праваахоўным органам у ахове правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў;
- удзел у межах кампетэнцыі ва выяўленні асобаў, якія ўчынілі злачынствы, ажыццяўленні вышуку абвінавачаных, месцазнаходжанне якіх невядома, асобаў, якія ўхіляюцца ад адбывання пакаранняў, ці іншых мераў крымінальнай адказнасці, а таксама іншых асобаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- устанаўленне асобаў, якія падлягаюць прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці.
|
Якія абавязкі ёсць ва ўчастковага? У абавязкі ўчастковага ўваходзіць: - ведаць аператыўнае становішча і валодаць звесткамі аб сацыяльна-эканамічных, дэмаграфічных і іншых асаблівасцях абслугоўваемага адміністрацыйнага ўчастка, грамадзянах Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства, у дачыненні да якіх АУС ажыццяўляецца прафілактычны ўлік, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне, асуджаных да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства;
- неадкладна рэагаваць на заявы і паведамленні пра злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні і інфармацыю пра здарэнні, у межах сваіх паўнамоцтваў прымаць па iх адпаведныя меры;
- дакладваць аб фактах неналежнай асветленасці вуліц і дваровых тэрыторый населеных пунктаў, выяўленых пустых дамах, будынках, збудаваннях, умовах для несанкцыянаванага доступу ў падвалы і на гарышчы жылых дамоў, будынкаў і збудаванняў для інфармавання мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў;
- выконваць даручэнні следчага, асобы, якая здзяйсняе дазнанне, аб правядзенні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, аб аказанні садзейнічання пры вытворчасці следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, пастаноў (вызначэнняў) суда, органа, які вядзе крымінальны або адміністрацыйны працэс, судовага выканаўцы аб прывадзе;
- ажыццяўляць штогадовую праверку ўмоў захоўвання грамадзянскай, ўзнагароднай зброі і боепрыпасаў да яе па месцы жыхарства яго ўладальнікаў;
- удзельнічаць у межах кампетэнцыі ў мерапрыемствах па ажыццяўленні кантролю за знаходжаннем замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь; выяўленні і спыненні незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў;
- прадстаўляць у арганізацыі для размяшчэння на інфармацыйных стэндах, распаўсюджваць сярод насельніцтва інфармацыю (у форме улётак, памятак, брашур, буклетаў) аб фарміраванні правапаслухмяных паводзінаў, здаровага ладу жыцця, навыкаў па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзянаў, а таксама звесткі аб ўчастковым інспектара, які абслугоўвае адміністрацыйны ўчастак;
- выступаць перад насельніцтвам па месцы жыхарства, у працоўных калектывах, установах адукацыі з гутаркамі і лекцыямі альбо ў сродках масавай інфармацыі па пытаннях забеспячэння грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў;
- з мэтай папярэджання гвалту ў сям'і, правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі, што знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, праводзіць прафілактычныя гутаркі, аб'яўляць грамадзянам афіцыйныя папярэджанні і ўручаць іх копіі, уручаць грамадзянам копіі рашэнняў аб ажыццяўленні прафілактычнага ўліку, аб'яўляць грамадзянам ахоўныя загады і ўручаць іх копіі;
- растлумачваць грамадзянам, якія пацярпелі ад гвалту ў сям'і, іх права звярнуцца з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы або з заявай аб адміністрацыйным правапарушэнні, інфармаваць іх аб арганізацыях, у якіх аказваецца дапамога пацярпелым ад гвалту ў сям'і;
- выяўляць сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, непаўналетніх з антыграмадскімі паводзінамі, пра што інфармаваць інспекцыі па справах непаўналетніх;
- ажыццяўляць ва ўстаноўленым парадку падрыхтоўку матэрыялаў для прыняцця рашэнняў аб накіраванні грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, прызнанні грамадзянаў абмежавана дзеяздольнымi;
- на пастаяннай аснове ажыццяўляць подворны (пакватэрны) абыход адміністрацыйнага ўчастка;
- не радзей аднаго разу ў год рабіць справаздачу аб праведзенай працы па ахове грамадскага парадку і прафілактыцы правапарушэнняў перад грамадзянамі, якія пражываюць на адміністрацыйным участку і іншае.
|
Ці можа ўчастковы прыйсці да мяне дадому? Так, участковы можа зайсці да вас у працэсе подворнага або пакватэрнага абыходу свайго адміністрацыйнага ўчастку. Пры гэтым ён абавязаны: - прадставіцца, назваўшы прозвішча, імя, імя па бацьку, сваю пасаду і званне;
- прад'явіць сваё службовае пасведчанне;
- паведаміць пра мэту наведвання.
|
Ці можна не ўпускаць ўчастковага ў сваё жыллё? Вы можаце не адчыняць дзверы і не ўпускаць ўчастковага ў кватэру, калі з яго боку гэта проста візіт, каб пазнаёміцца. Без вашай згоды ён можа ўвайсці толькі ў неадкладных выпадках: - для выратавання жыцця або забеспячэння бяспекі грамадзянаў;
- для затрымання падазраваных у злачынстве;
- для спынення злачынства.
У абставінах, якія могуць прывесці да цяжкіх злачынстваў, участковы таксама мае права ўвайсці ў кватэру, абшукаць яе ці канфіскаваць прадметы - але для гэтага яму трэба мець матываваную пастанову органа, які ажыццяўляе аператыўна-вышуковую дзейнасць. Пры пранікненні ў памяшканне ўчастковы абавязаны папярэдзіць тых, хто ўнутры, і не дапускаць прычынення ўрону маёмасці. Калі ўласніка не было ў кватэры, участковы павінен на працягу 24 гадзін з моманту пранікнення праінфармаваць яго, сваё начальства і пракурора. |
Што рабіць, калі ўчастковы сам парушае закон? Незаконныя дзеянні ўчастковага можна абскардзіць яго непасрэднаму кіраўніцтву, у МУС ці ў пракуратуру. Скаргу можна самастойна скласці ў вольнай форме або звярнуцца па дапамогу да праваабаронцаў "Вясны" па тэлефонах: +375 17 394 63 11, +375 29 841 39 81, або па пошце: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. |
Як даведацца, хто мой участковы? Даведацца, хто з'яўляецца вашым участковым, можна праз пошукавую форму на сайце МУС ці па тэлефоне дзяжурнай службы «102». |
Навошта знаёміцца з участковым? Гэта бывае карысна ў экстраных выпадках. Да яго можна звярнуцца наўпрост, калі трэба тэрміновае ўмяшанне - напрыклад, калі на вашых вачах кагосьці збіваюць ці вы сталі сведкам крадзяжу. |
Што яшчэ важна ведаць? Беларускі Хельсінкскі Камітэт правёў маніторынг працы аддзяленняў міліцыі па Беларусі і прадставіў вынікі ў некалькіх справаздачах на адмысловым сайце. У рамках даследавання ацэньвалася ўсё, што можа спатрэбіцца грамадзяніну ў выпадку яго добраахвотнага звароту ў аддзяленне міліцыі. Працэс назірання факусаваўся на двух аспектах: - камунікатыўная даступнасць міліцыі для людзей і прадстаўленне правапарадку як нейкага сэрвісу, які забяспечваюць праваахоўныя органы; - умовы працы саміх супрацоўнікаў міліцыі: як праходзіць камунікацыя старэйшых і малодшых чыноў, як да супрацоўнікаў ставяцца наведвальнікі, ці ёсць побач з месцам працы пункт гарачага харчавання, умовы ў прыбіральнях і да т.п. У выніку даследавання былі падрыхтаваныя тры памяткі: для людзей па ўзаемадзеянню з міліцыяй, для супрацоўнікаў міліцыі і для людзей і ахоўнікаў супермаркетаў. |