Апошняя частка міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла 4 чэрвеня ў Мінску, была прысвечаная праблемам заканадаўчага рэгулявання і барацьбе з распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў і дзейнасцю экстрэмісцкіх арганізацый. Першы дакладчык панэлі, юрыст Праваабарочага цэнтра Вясна” Павел Сапелка адзначыў, што пераслед за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў толькі ў апошні час стаў набываць масавы характар, што запатрабавала пераасэнсавання падыходаў праваабаронцаў да праблемы.
“Практычна, мы робім толькі першыя крокі, але бачна адразу, што шмат блытаніны ў тэрміналогіі і канцэпцыі адпаведнага заканадаўства. Ёсць Закон аб супрацьдзеянню экстрэмізму і Закон аб барацьбе з тэрарызмам, аднак многія паняцці ў іх перапляліся і зблыталіся. Ёсць супярэчнасці таксама і з мытным заканадаўствам”, - распавёў эксперт.
Фактычна, такім чынам заканадаўства дасягнула “дасканаласці” ў пераўтварэнні інфармацыйных матэрыялаў у экстрэмісцкія. Гэтаму, па словах Паўла Сапелкі, спрыяе і Рэспубліканская камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет экстрэмізма, у якую ўваходзяць не столькі эксперты і спецыялісты, колькі прадстаўнікі дзяржорганаў. Практычна да 50% у іх прадстаўнікі дзяржавы, якія могуць наўпрост уплываць на меркаванне экспертаў на наяўнасць экстрэмізму ў інфармацыйных матэрыялах.
Шмат пытанняў і да судовага парадку разгляду такіх спраў, якія звычайна адносяцца да спраў асобай вытворчасць. Існуюць праблемы удзелу зацікаўленых асоб у абскарджванні такіх судовых рашэннях. Усе гэтыя праблемы нівеліруюць магчымасць супрацьстаяць прызнанню матэрыялаў экстрэмісцкімі, адзначае юрыст.
Выступ старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца быў прысвечаны аналізу практыкі прымянення артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні).
Андрэй Бастунец і Валянцін Стэфановіч
Напачатку эксперт прыгадаў, што першай справай аб распальванні варожасці была справа Блінкоўскага, галоўнага рэдактара газеты “Баранавічскае слова”, распачатая яшчэ ў 1995 годзе. Тады журналіста прысудзілі да буйнога штрафу ў памеры прыкладна 2000 долараў.
Затым Бастунец падрабязна спыніўся аб нашумелых крымінальных справах апошніх гадоў, прааналізаваў “Справу А. Здвіжкова і газеты “Згода” за публікацыю карыкатур на прарока Мухамеда, “Справу Эдуарда Пальчыса”, “Справу Рэгнумаўцаў”. Ён адзначае, што многае пры разглядзе падобных спраў залежыць ад экспертызы, а “экспертныя камісіі ў нас не зусім экспертныя – яны не маюць адмысловых спецыялістаў”.
Наступны дакладчык, старшыня РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” Алег Гулак азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з новымі зменамі ў Закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, якія выклікаюць у праваабаронцаў сур’ёзныя апасенні.
У прыватнасці, з’явіліся новыя тэрміны, такія як нацыстская сімволіка, рэабілітацыя нацызма, апраўданне асоб, якія прызнаныя віноўнымі па прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбуналу і гэтак далей.
І хаця пры выпрацоўцы усіх паправак у заканадаўства прымала ўдзел рабочая група, куды ўваходзілі акрамя зацікаўленых ведамстваў і прадстаўнікі некаторых партый і непасрэдна прадстаўнікі БХК, падстаў для самазаспакаення няма.
“Літаральна сёння з’явіўся дапрацаваны дакумент законаў, які накіраваны ў Палату прадстаўнікоў для другога прачытання і галасавання. Я азнаёміўся з гэтымі зменамі і адзначаю, што там засталіся вельмі агульныя і расплывістыя фармуліроўкі, а сярод станоўчых зменаў можна адзначыць толькі ануляванне прапановы аб прызнанні нацыстскімі дзеянні і сімволіуй арганізацый і асоб, якія супрацоўнічалі пад час Другой сусветнай вайны з палітычнымі і ваеннымі арганізацыямі, якія ўжо прызнаныя нацыстскімі. Працэс прыняцця зменаў у заканадаўства дастаткова трывожны. Няма ніякай грамадскай дыскусіі, у СМІ не даецца ніякай інфармацыі, усё робіцца пад завесай таямнічасці” – падвёў рысу Алег Гулак.
Пасля дыскусіі і абмену думкамі мадэратар панэлі Валянцін Стэфановіч прапанаваў азнаёміцца з праектам Рэзалюцыі, якая пасля ўнясення удзельнікамі канферэнцыі правак. Была аднагалосна прынятая.
“Працэс прыняцця зменаў у заканадаўства выклікае апасенні”. Заключная панэль міжнароднай канферэнцыі
Файлы
- exstremism-rezalucia.pdf (0.51 Mb)