На плошчы Леніна ў Берасці 2 чэрвеня адбылося “кармленне галубоў” – традыцыйная акцыя праціўнікаў акумулятарнага завода.
Па інфармацыі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, на гэты раз на плошчы сабралася каля 140 чалавек.
Як паведамляе БелаПАН, асноўнай тэмай сённяшняй сустрэчы стала паведамленне ў „Брестской газете” пра перанос тэрміну прыёмкі ў эксплуатацыю акумулятарнага завода з траўня на чэрвень. Як паведаміў выданню кіраўнік адміністрацыі СЭЗ „Брэст” Фёдар Каланчук, прыёмка прадпрыемства плануецца 11-14 чэрвеня.
Актывіст Дзмітрый Бекалюк лічыць, што гэта адбылося таму, што аб’ект „не адпавядае патрабаванням экалагічнай бяспекі”, пры тым што ён атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.
У сваю чаргу актывіст Уладзіслаў Абрамовіч лічыць, што шкодныя выкіды ў дзясяткі разоў вышэйшыя, чым заяўлена ў дзяржаўнай экалагічнай экспертызе. Урач Анатоль Ярмоленка адзначыў, што на заводзе далёка не ўсё добра, што і выявіла ініцыятыўная група праціўнікаў яго будаўніцтва. „Калі ва ўладаў ёсць розум, завод не будзе запушчаны ў эксплуатацыю ў такім выглядзе”, — заявіў ён.
Затым пачалося шэсце, пад час якога на скрыжаванні вул.вул. Савецкай і Маякоўскага быў нечакана затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. Дзве асобы ў камуфляжы гвалтам ўвапхнулі яго ў ўтамабіль і звезлі ў невядомым кірунку. Пры выкраданні прысутнічаў выконваючы абавязкі начальніка Ленінскага РАЎС Берасця Мікалай Самасюк. Выпадкова сведкамі здарэння сталіся журналісты New York Times, якія рыхтуюць матэрыял аб супрацьстаянні берасцейцаў з заводам АКБ і берасцейскімі ўладамі.
А 13:24 ад Пятрухіна прыляцела СМСка: “ІЧУ”. І трохі пазьней “17.1”. Гэта значыць “дробнае хуліганства”. Меркавана, суд над блогерам адбудзецца ў панядзелак 3 чэрвеня.Тым часам шэсце завяршылася каля кінатэатра "Беларусь".
Крыніца: Берасце: пад час "кармлення галубоў" затрыманы "дробны хуліган" Пятрухін