У Мінску ў першы дзень лета Асамблея НДА Беларусі правяла вялікі фестываль “Кіламетр грамадскай актыўнасці”. Розныя беларускія грамадскія арганізацыі прадставілі свае актыўнасці. Цягам дня на адкрытай пляцоўцы і ў залах ОК16 праходзілі лекцыі, майстар-класы, дыскусіі на тэмы экалогіі, гендэру, смяротнага пакарання, правоў чалавека, мовы і культуры.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пазнаёміў удзельнікаў фэсту з дзейнасцю арганізацыі, Валантэрскай Службы "Вясны", пляцоўкі "Тэрыторыя правоў". На стэндах "Вясны" можна было ўзяць паштоўкі, налепкі і іншыю прадукцыю, прысвечаную правам чалавекам. Акрамя гэтага, валанцёры "Вясны" арганізавалі акцыю салідарнасці па падпісанню паштовак палітвязню Міхаілу Жамчужнаму. Падчас мерапрыемства было падпісана больш за дзесятак паштовак і лістоў.
Як адзначыла праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч, "Кіламетр грамадскай актыўнасці" выступіў добрай магчымасцю пазнаёміцца з іншымі актывістамі, зацікавіць сваёй дзейнасцю яшчэ больш людзей, і нават прыцягнуць новых валанцёраў.
"Мы расцэньваем гэтае мерапрыемства вельмі пазітыўна. Прадстаўлена вельмі шмат ініцыятываў, якія арганізавалі цікавыя актыўнасці: дыскусіі, лекцыі, майстар-класы. Прыемна бачыць на гэтым фэсце шмат актыўных зацікаўленых людзей, якія гатовы дзейнічаць. Валанцёрская служба "Весны" прапаноўвае таксама далучыцца да сваёй дзейнасці. На сваім стэндзе мы распавядалі пра сябе і арганізавалі невялікую акцыю салідарнасці з палітвязнем Жамчужным. Прыемна было атрымаць вялікі водгук ад людзей", - падкрэсліла праваабаронца.
На фэсце прадставілі свой стэнд і "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда адзначыў вялікую зацікаўленасць да іх стэнда з боку ўдзельнікаў фэста. Падчас мерапрыемства было распаўсюджана вельмі шмат прадукцыі, прысвечанай тэме смяротнага пакарання.
"Гэты фэст стаў добрай магчымасцю для прыцягнення новай аўдыторыі. Для нас вельмі важныя такія сустрэчы ўжывую, бо яны даюць магчымасць падыскутаваць з чалавекам, для якога, у тым ліку, і прысвечаная наша кампанія. Такія сумесныя мерапрыемствы грамадскіх арганізацый дазваляюць выйсці на актыўных людзей, якія зацікаўлены грамадскімі актыўнасцямі," - распавёў напрыканцы фэста Андрэй Палуда.
Светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова прыняла ўдзел у дыскусіі “Узаемадзеянне з уладамі: ад канфармізму да канфрантацыі”, дзе падзялілася ўласным досведам па гэтай тэме. У межах кампаніі, прысвечанай мірным сходам, выступіў і берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін.
"Кіламетр грамадскай актыўнасці": фотарэпартаж "Вясны"
Крыніца: "Кіламетр грамадскай актыўнасці": фотарэпартаж "Вясны" Фота