Вядомы бахрэйнскі праваабаронца Набіл Раджаб 10 лiпеня 2017 года прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT).
Сузаснавальнік і прэзідэнт Бахрэйнскага цэнтра па правах чалавека (BCHR), заснавальнік і дырэктар Цэнтра па правах чалавека ў Заліве (GCHR), намеснік Генеральнага сакратара FIDH і сябра Кансультатыўнага камітэта па Блізкім Усходзе Human Rights Watch, Набіл Раджаб з’яўляецца адным з самых заўзятых абаронцаў правоў чалавека ў краіне. Ён выступаў з крытыкай парушэнняў правоў чалавека ў турме Джаў і асудзіў удзел Бахрэйна ў бамбардзіроўках ў Емене.
Прысуд быў вынесены завочна Ніжнім крымінальным судом сталіцы Бахрэйна Манамы. Сам Раджаб знаходзіцца ў шпіталі з 8 красавіка гэтага года.
Праваабаронцу абвінавацілі ў “наўмысным распаўсюдзе ілжывай інфармацыі і шкоднасных чутак з мэтай дыскрэдытацыі дзяржавы” (артыкул 134 Крымінальнага кодэкса), за што яму пагражала да трох гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачанне звязане з трыма тэлеінтэрв'ю, якія Раджаб даў цягам 2015 і 2016 гадоў. У гэтых інтэрв’ю актывіст распавядаў пра кепскае становішча з правамі чалавека ў Бахрэйне.
Акрамя таго, Набіл Раджаб абвінавачваецца ў “абразе дзяржаўнага органа” (артыкул 216 Крымінальнага кодэкса), “распаўсюдзе ілжывых чутак у час вайны” (артыкул 133) і “абразе замежнай краіны [Саудаўскай Аравіі]” (артыкул 215), за што ён можа атрымаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванні звязаныя з шэрагам твітаў, у якіх праваабаронца асудзіў катаванні зняволеных у турме Джаў, а таксама парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў выніку авіяўдараў кааліцыі арабскіх краінаў у Емене. Наступнае слуханне па гэтай справе прызначана на 7 жніўня.
Выбітны бахрэйнскі праваабаронца быў арыштаваны 13 чэрвеня 2016 года. Раджаб правёў дзевяць з паловай з апошніх дванаццаці месяцаў у адзіночнай камеры, нягледзячы на пагаршэнне стану яго здароўя.
“Абсерваторыя абураная прысудам Набілу Раджабу, які быў вынесены ў выніку судовага працэса, азмрочанага парушэннямі яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Мэтай пераследу з’яўляецца спыненне яго мірнай і законнай дзейнасці ў галіне правоў чалавека.
Абсерваторыя заклікае бахрэйнскія улады неадкладна і безумоўна вызваліць Набіла Раджаба, пакласці канец усім формам пераследу супраць яго, перагледзець вынесены яму прысуд у адпаведнасці з міжнародна прызнанымі правамі на належную прававую працэдуру, справядлівае судовае разбіральніцтва і прэзумпцыю невінаватасці”, — гаворыцца ў тэрміновым звароце Абсерваторыі.
7 ліпеня шэраг вядучых праваабарончых арганізацый свету звярнуліся да амбасадараў, якія працуюць у Бахрэйне, з адкрытым лістом, заклюкаючы іх наведаць слуханне 10 ліпеня дзеля “забеспячэння належнай абароны гарантаваных на міжнародным узроўні правоў сп. Раджаба, у тым ліку правоў, якія абараняюцца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах” (Бахрэйн далучыўся да Пакта ў 2006 годзе) і Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах”.
“Мы падтрымліваем ваш дыялог з Бахрэйнам; аднак мы таксама перакананыя ў тым, што такія стасункі з'яўляюцца ўстойлівымі, толькі калі грунтуюцца на ўзаемнай павазе да дэмакратычных правоў і свабодаў. Менавіта за абарону гэтых ідэалаў і караюць сп. Раджаба. Мы заклікаем вас падтрымаць яго зараз і заклікаць урад Бахрэйна неадкладна вызваліць яго па гуманітарных меркаваннях у сувязі з крытычным станам яго псіхічнага і фізічнага здароўя, а таксама неадкладна зняць з яго ўсе абвінавачванні, звязаныя з выказваннем меркавання”, — падкрэсліваюць аўтары ліста.
Крыніца: У Бахрэйне праваабаронца Набіл Раджаб прысуджаны да двух гадоў зняволення