30 мая ў 14.00 у Кіеўскім скверы пачаўся мітынг руху "Маці 328" за змякчэнне пакарання па "наркатычных" артыкулах. Гэта першае санкцыянаванае мерапрыемства, якое атрымалася арганізаваць у выніку двухгадовых спробаў.
Лідарка «Маці 328» Ларыса Жыгар адзначае, што за ўвесь час існавання руху праведзена велізарная праца і ўжо дасягнуты некаторыя вынікі:
“Мамы былі ў Палаце прадстаўнікоў: законапраект ужо праходзіць апошнія ўзгадненні з усімі структурамі і дзесьці ў сярэдзіне чэрвеня будзе вынесены на ўзгадненне ў другім чытанні. Адзіная папраўка, якой мы дамагаемся – гэта зніжэнне ніжняй планкі тэрміну па часткам 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса на 2 гады. Як яно адаб'ецца на нашых дзецях? Мы не ведаем пакуль. Хоць ёсць яшчэ і чацвёртая частка, дзе многія хлопцы сядзяць несправядліва асуджанымі".
Па словах Ларысы Жыгар, многія дзеці трапілі пад частку 4 арт. 328 з-за сувязі з інтэрнэт-крамай, дзе яны хацелі падпрацаваць кур'ерамі. Большасць з асуджаных па гэтым артыкуле з'яўляюцца непаўналетнімі.
Маці задалі пытанне уладам: чаму дзяржава не робіць ніякай сацыяльнай палітыкі, накіраванай на папярэджанне падлеткаў ад удзелу ў інтэрнэт-крамах? Многія хлопцы хацелі зарабіць, але не ўсведамлялі сур'ёзнасць адказнасці. У рамках беларускага заканадаўства удзел у інтэрнэт-краме па продажы наркатычных рэчываў трактуецца як "дзеянні, учыненыя арганізаванай групай" (ч. 4 арт. 328 КК), а абвінавачаныя караецца тэрмінам ад 10 да 20 гадоў.
Выступоўца Ліяна Шуба зачытала зварот, якое ўжо зарэгістравалі ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце міністраў. У ім былі сабраныя подпісы за тое, каб усе дзяржаўныя органы ўзгаднілі разгляд паправак у артыкул 328 ва ўстаноўлены законам тэрмін.
“Раней дэпутаты неаднаразова заяўлялі, што папраўкі ў артыкул 328 не прымаюцца з-за пярэчанняў МУС і Вярхоўнага суду. Аднак гэтыя органы не з'яўляюцца суб'ектамі заканадаўчай ініцыятывы", – адзначыла Ліяна Шуба.
Таццяна Канеўская прызналася, што для яе быў шокам дазвол уладаў на правядзенне санкцыянаванага мерапрыемства.
“Наша задача сёння – растлумачыць, што гэта за артыкул 328, і якім чынам туды [у турму - заўв. рэд.] трапляюць нашы дзеці", – падкрэсліла Таццяна.
Яна плануе заявіць пра свой удзел ў маючых адбыцца парламенцкіх выбарах і просіць падтрымаць яе.
З прамовай выступіў актывіст Legalize Belarus Стас Шашок. Ён прапанаваў адмяніць крымінальную адказнасць для спажыўцоў, так як нарказалежнасць – гэта хвароба, а хворым людзям варта дапамагаць. Нават у Расеі, Украіне, Кахастане, Кіргізіі, па словах Стаса, няма такой адказнасці.
"Причина зависимости заключается не в самом веществе, а в ряде факторов: неспособность реализоваться, невозможность найти социальные связи, внешнеэкономическая ситуация", – резюмировал Стас Шашок.
У 16.00, як і планавалася, мітынг завяршыўся.
Па неафіцыйных дадзеных, у Беларусі зараз каля 15000 чалавек адбывае пакаранне па артыкуле 328.
Прапануем дакументальны фільм "Наркатызацыя і аўтарытарызм", які распавядае пра ўмовы ўтрымання асуджаных па "антынаркатычным" заканадаўстве ў Беларусі.