Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў (№3608 / 2019 і №3609 / 2019) скаргі гомельскіх журналістаў-фрылансераў Яўгена Меркіса і Ларысы Шчыраковай. Пра гэта 29 траўня афіцыйным лістом апавешчаны іх прадстаўнік, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які вядзе справы журналістаў на міжнародным узроўні, піша "Гомельская Вясна".
Паводле інфармацыі юрыста БАЖ у скаргах фрылансераў пералічваюцца ўсе выпадкі прыцягнення іх да адказнасці на працягу 2017 года за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат».
У 2017 годзе на Меркіса міліцыя склала два, а на Шчыракову пяць пратаколаў за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» — розныя суды Гомельскага рэгіёну на працягу года пакаралі журналістаў штрафамі на агульную суму каля 2,5 тысяч еўра.
Нагадаем, у дачыненні да незалежных журналістаў-фрылансераў беларускі ўрад вядзе бескампрамісную барацьбу. Нягледзячы на большую колькасць скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека чыноўнікі працягваюць паўтараць — акрэдытацыя дабро, якое не заўважаюць самі журналісты.
Юрыст БАЖ Леанід Судаленка лічыць, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе, а журналісты павінны паказаць чыноўнікам, што інфармацыя, гэта не тое, на што трэба пытаць дазвол у дзяржавы.
«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека акрэдытацыя з'яўляецца інструментам, які палягчае магчымасці журналістаў на атрыманне інфармацыі, нашы ж чыноўнікі лічаць яе дазволам на працу», — падкрэслівае эксперт.
Леанід Судаленка адзначыў, што тэрмін разгляду скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека сёння складае ад 3-х да 5-ці гадоў.
Раней ён зарэгістраваў тут і вядзе камунікацыю з беларускім урадам па скаргах журналісткі Ларысы Шчыраковай, фрылансераў Кастуся Жукоўскага, Андрэя Толчына і Наталлі Крывашэй, блогера з Кастрычніцкага Андрэя Павука, журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай, журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова.
Крыніца: Яшчэ дзве скаргі журналістаў будуць разгледжаны на міжнародным узроўні