Суд Цэнтральнага раёну г. Мінска 28 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі) Віктара Кавалькова (айца Вікенція), але працэс быў перанесены на невызначаны тэрмін, піша “Радыё Свабода”. Суддзя Іван Касцян запатрабаваў ад святара дакументы аб інваліднасці і прыналежнасці да царквы. Айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў). Фота ПЦ

Святара Беларускай аўтакефальнай царквы абвінавачвалі ў тым, што ён 7 красавіка правёў малебен у абарону Курапатаў каля Кафедральнага Святадухава сабору ў Мінску. У пратаколе супрацоўнікі міліцыі пазначана: "Стаяў на фоне забароненага бел-чырвона-белага сцяга”. Тады сабралася больш за 200 чалавек, затрыманняў не было.

Ён на судзе сваю віну не прызнаў і заявіў пра недавер суду. «Гэта была малітва, а не мітынг. Хіба для малітвы патрэбны дазвол?», — абараняўся святар.

Калі падчас адміністрацыйнага разбіральніцтва Віктар Кавалькоў патлумачыў, што прызнаны інвалідам пасля ўдзелу ў вайсковых дзеяннях у Аўганістане, працэс быў зноў спынены.

«Справа вяртаецца для выпраўлення недахопаў», — агаласіў суддзя. Калі працэс аднавіцца, суддзя не паведаміў.

Нагадаем, летась айца Вікенція судзілі ў Першамайскім раённым судзе за тое, што збіраў міласціну сярод жыхароў раёну, дзе ён пражывае. Суд пастанавіў, што ў ягоных дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння і спыніў справу.

Днямі айцец Вікенцій атрымаў для азнаямлення пратакол за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху». У суд святара яшчэ не выклікалі.

Крыніца: Айцец Вікенцій: Хіба для малітвы патрэбны дазвол?