Мітынг з патрабаваннем амністыі для зняволеных і заканадаўчага размежавання адказнасці па «антынаркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу пройдзе 30 мая ў Кіеўскім скверы г. Менску з 14:00 да 16:00. У мерапрыемстве чакаецца ўдзел да 100 чалавек.

Раней паведамлялася пра тое, што мітынг адбудзецца 18 мая, але за некалькі дзён да мерапрыемства заяўнікі атрымалі адмову на падставе фармальных парушэнняў правілаў падачы паведамлення пра правядзенне масавага мерапрыемства, - піша "Новы Час".

Пасля гэтага былі пададзеныя новыя ўведамленні, і з уладамі была ўзгодненая дата 30 мая. Арганізатары заключылі дамову пра аказанне паслугаў аховы грамадзкага парадку з Менгарвыканкамам.

«Прайшло шмат год, а дэпутаты працягваюць ківаць галавой, у той час як нашыя дзеці сядзяць у калоніях. У гэты раз мы хочам звярнуцца да людзей, каб расказаць, які боль адчуваюць маці за сваіх несправядліва асуджаных дзяцей. За пыл у кішэні ім даюць па 12-14 год калоніі, шмат з іх ужо адсядзелі 4 гады. Калі нашыя дзеці і былі вінаватыя — то сваю віну яны ўжо адкупілі», — кажа Ларыса Жыгар, лідарка руху «Маці 328».

Крыніца: «Маці 328» правядуць мітынг за дэкрыміналізацыю і рэформу крымінальнага заканадаўства