Бацькі Светлагорска з 25 траўня пачалі збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з нагоды рэгулярных выкідаў з Завода беленай цэлюлозы ядаў, шкодных для здароўя. У гэтым звароце жыхары Светлагорска і Якімавай Слабады спасылаюцца на Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», якім вызначана неад’емнае права кожнага дзіця на ахову i ўмацаванне здароўя. У сувязі з гэтым яны просяць чыноўнікаў з Міністэрства паўплываць на гэтую сітуацыю і паспрыяць закрыццю прадпрыемства да ліквідацыі ўсіх тэхнічных непаладак. Акрамя гэтага, бацькі дзяцей, якія жывуць у Светлагорску і Якімавай Слабадзе, настойваюць на забароне шпацыраў дзяцей у дзіцячых садках і ўроках фізкультуры на адкрытым паветры ў школах падчас з'яўлення дрэнных пахаў.
Як паведамляе светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова, на дадзены момант сабрана ўжо больш за 100 подпісаў. Але, як ёй стала вядома раніцай 27 траўня, на некаторых прадпрыемствах і ўстановах людзей пачалі запалохваць звальненнем, калі тыя падпішуцца пад зваротам. Па гэтай прычыне некаторыя з бацькоў папрасілі іх подпісы ануляваць, баючыся згубіць месца працы.
Праваабаронца Алена Маслюкова лічыць гэта ціскам на людзей, якія проста хочуць скарыстацца канстытуцыйнымі правамі ў абароне сваіх дзяцей і экалагічных правоў:
“Я ў гэтым выпадку раю звяртацца з заявай у пракуратуру на гэтых кіраўнікоў і чыноўнікаў. Трэба адстойваць свае правы. Мяняць трэба акцэнт — не мы для іх, а яны для нас.
Артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае права любому грамадзяніну або групе асобаў звяртацца ў любы дзяржаўны орган па любым пытанні. Звяртаючыся ў Міністэрства аховы здароўя, людзі абараняюць здароўе сваіх дзяцей, родных і блізкіх, а таксама права дыхаць чыстым паветрам, але ніяк не парушаюць закон і парадак. Гэта трэба дакладна самім разумець і даводзіць свайму начальству. Людзі хочуць скарыстацца сваім канстытуцыйным правам, але ім не даюць гэта зрабіць”.
Крыніца: Светлагорск: людзей запалохваюць звальненнем за подпісы да звароту ў Міністэрства аховы здароўя