Марына Мацулевіч. Фота з Facebook Ранкам 23 траўня ў Мінску затрымалі актывістку Руху "Маці 328" Марыну Мацулевіч, паведамляе "Новы час". 

Па папярэдняй інфармацыі, жанчыну падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 369 КК РБ ("Абраза службовай асобы"). 

Пра гэта жанчына напісала ў сябе на старонцы ў Facebook:

"КК РБ 369 Абраза службовай асобы. Далі загад людзям, якія нават не ведаюць гэтага артыкулу, выняць тэхніку".

 

Пазней Марына напісала, што яе вязуць у Цэнтральны аддзел следчага камітэту.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Ілля Басько пацвердзіў "БелаПАН", што ў дачыненні да актывісткі руху "Маці 328» Марыны Мацулевіч распачата справа па артыкуле 369 КК.

«Цэнтральным раённым аддзелам Следчага камітэта горада Мінска па матэрыялах праверкі ГУУС Менгарвыканкама ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з абразай работнікаў органаў пракуратуры па артыкуле 369 у дачыненні да Марыны Кісялевіч (дзявочае прозвішча Мацулевіч. - БелаПАН.), - сказаў Басько. - Сёння супрацоўнікамі міліцыі па даручэнні следчага па месцы жыхарства ў яе праведзены ператрус, падчас якога канфіскаваны ноўтбук і мабільны тэлефон».

Па словах Босько, у мэтах высвятлення ўсіх абставінаў праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні.

Жанчына паведаміла "БелаПАН", што яе адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы. «Сёння я адмовілася даваць паказаньні, таму што мне патрэбен абаронца. Заўтра на 15.00 прызначаны допыт. Мне сказалі, што да панядзелка трэба сабраць даведкі - характарыстыку, што я не знаходжуся нідзе на ўліку», - сказала яна.

Актывістка Марына Мацулевіч — удзельніца ініцыятывы "Маці 328". Яна вядомая тым, што змагалася за перагляд справы свайго сына, які знаходзіцца ў зняволенні па гэтым артыкуле. Марына казала пра шматлікія парушэнні і злоўжыванні ў гэтай справе.

  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Супраць актывісткі Руху "Маці 328" заведзена крымінальная справа