Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі ў судзе Суддзя Светлагорскага раённага суду Руслан Царук прызнаў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканалу «Белсат». Адміністратыўны працэс адбываўся 10 ліпеня.

У міліцэйскім пратаколе, які склаў старшы ўчастковы інспектар Крук, гаворыцца, што відэасюжэт «173 дні да пуску цэлюлёзнага камбінату ў Светлагорску. Жыхары супраць» на польскім спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» пра будаўніцтва новага хімічнага прадпрыемства ў Светлагорску выяўлены падчас маніторынгу СМІ. Супольнае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці сульфатна-беленай цэлюлозы адносіцца да першай класу небяспекі: у працэсе адбелваньня цэлюлозы хлорам утвараюцца атрутныя хімічныя злучэнні.

Судовая пастанова была агучаная ў 17-50: прызнаць вінаватым і пакараць штрафам у памеры 50 базавых велічыняў, што складае 1150 рублёў, паведамляе тэлеканал "Белсат".

«Гэта мэтанакіраваны пераслед за маю фрылансерскую дзейнасць, — лічыць Кастусь Жукоўскі. — Бо ў відэасюжэце „Белсату“ пра будаўніцтва кітайцамі заводу беленай цэлюлозы ў Светлагорску выкарыстаныя ня толькі мае відэаздымкі, але і трох іншых агенцтваў. Тым ня менш судзілі толькі мяне аднаго».

Крыніца: Журналіста-фрылансера Жукоўскага аштрафавалі на 1150 рублёў