Увечары 26 траўня ў Магілёве адбылася манстрацыя. Гэта першае за 7 гадоў дазволенае масавае мерапрыемства грамадзянскага ці палітычнага характару, якое адзначаюць праваабаронцы, піша TUT.BY. Шэсць чалавек на пустым стадыёне абласнога цэнтра трымалі плакаты з жартаўлівымі, іранічнымі, а часам і абсурднымі надпісамі. Пікет быў афіцыйна ўзгоднены, прысутнічалі супрацоўнікі міліцыі і медыкі. Роўна ў 17.00 на пустым стадыёне з'яўляюцца арганізатары з плакатамі. У руках у іх куча белых лістоў і банер. Побач дзяжураць два супрацоўнікі міліцыі. За плотам стадыёна стаяць гледачы і журналісты.
Пасля разразання чырвонай стужкі шэсць удзельнікаў пікету ўзялі ў рукі плакаты.
Афіцыйна пікет праводзіўся з мэтай "выразу змешаных пачуццяў аб свабодзе мірных сходаў у Беларусі", але арганізатар, Магілёўскі філіял праваабарончага цэнтру "Вясна", закладваў і дадатковыя. Пра іх нам распавёў Аляксандр Буракоў:
"Мы хацелі апрабаваць новы закон аб масавых мерапрыемствах. Апошняя грамадзянская акцыя праходзіла на гэтым месцы сем гадоў таму. Гэта быў "Славянскі марш" і многае пасля змянілася. Яшчэ хацелася нагадаць пра месца, куды адпраўляюць ўсіх жадаючых правесці акцыі — ўдалечыні ад цэнтра, на зарослым поле. Гэта смешна — неабходна больш падыходнае для гэтага месца. Напрыклад — плошча Леніна ці насупраць гарвыканкаму. Таксама мы хацелі сваім пікетам паказаць, што ў горадзе не хапае несур'ёзных, жартоўных, іранічных мерапрыемстваў.
У нас няма ні падзяк, ні прэтэнзій да гарвыканкама, але да службаў, з якімі па новай рэдакцыі закона патрабуецца заключаць дагавор, пытанні ёсць. Там проста не ведаюць, як з такімі заяўнікамі працаваць. Асабліва цяжка было дамовіцца з ДМП (дарожна-маставое прадпрыемства. — Заўвага. TUT.BY), тры дні мы не маглі дамагчыся неабходнай подпісы, хоць іх паслуг тут не спатрэбіцца. Мы не пакінем ніякага смецця".
Пікет доўжыўся каля паўгадзіны. Удзельнікі пад апладысменты адзін аднаго згарнулі плакаты і сышлі са стадыёна.
"Пасля завяршэння мерапрыемства да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі Пугачоў і сказаў, што налічыў большую колькасць удзельнікаў, чым было заяўлена намі. Ён палічыў удзельнікамі і тых, хто быў гледачамі, і журналістаў, якія знаходзіліся за плотам. З міліцыі дашлюць акт выкананых работ. Магчыма, там будзе паказана колькасць удзельнікаў больш, чым мы налічылі самі — шэсць", — распавёў Аляксандр Буракоў.