Суд Ленінскага раёна Берасця 22 траўня пакараў штрафам экалагічнага актывіста, вайсковага пенсіянера, які служыў у Манголіі і Афганістане, Аляксандра Марачэўскага паводле ч.1 арт.23.34 КаАП штрафам у памеры 10 базавых велічынь.
Суддзя Дзмітрый Шурын, які разглядаў справу адхіліў хадайніцтва аб недаверы суду і азнаёміў яго з абвінавачваннем: "7 красавіка Марачэўскі з мэтай выказвання грамадска-палітычнага інтарэса супраць завода АКБ удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, чым парушыў Закон »Аб масавых мерапрыемствах...14 красавіка Марачэўскі у чарговы раз выказваў грамадска-палітычны інтарэс і выгукваў "Не заводу!".
Экаактывіст Марачэўскі віны не прызнаў: «Я не ішоў 7 красавіка па Савецкай, я пайшоў на рынак і не крычаў, бо крычалі на Савецкай. Я пайшоў на рынак, маю сведкаў. Супрацоўнікі міліцыі хлусяць».
Як паведамляе "Берасцейская Вясна", сведка, маёр Аляксандр Буката паведаміў: «Марачэўскі ішоў у калоне. Каб Марачэускі крычаў я не бачыў, але мог разам з іншымі крычаць». Другі сведка старшы лейтэнант міліцыі Аляксей Федарэнка агучыў: «14-га я быў там, дзе і грамадзянін. Дадзены грамадзянін удзельнічаў у шэсці. Людзей было шмат. Ён там быў. Я сцвярджаю, што грамадзянін выкрыкваў "Не заводу АКБ!" Прагледзелі відэа, аднак на ім Марачэўскі нічога не выкрыкваў. Экаактывіст заявіў хадайніцтва вынесці асобнае вызначэнне адносна міліцыянта Федарэнка, бо той хлусіў наконт крыкаў.Суддзя Дзмітрый Шурын адмовіў у задавальненні хадайніцтва і пастанавіў пакараць Аляксандра Марачэўскага 10 базавымі або 255 рублямі штрафа паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.
Крыніца: У Берасці судзілі былога афганца Аляксандра Марачэўскага